Нядзеля Тамаша (Антыпасха 2021) (Медытацыя а.Андрэя Буйніча)Дарагія браты, сёстры, сябры! Сутнасць ф…

Нядзеля Тамаша (Антыпасха 2021)
(Медытацыя а.Андрэя Буйніча)
Дарагія браты, сёстры, сябры! Сутнасць фрагмента Евангелля, які мы пачулі ў гэтую другую нядзелю пасля Пасхі, сцісла і яскрава перадае кандак, літургічны гімн, які мы спявалі пасля малога ўваходу. Давайце паслухаем яго яшчэ раз:

Кандак (тон 8). Дапытліваю рукою Тамаш дакрануўся да жыцьцядайнага боку Твайго, Хрысьце Божа, калі Ты ўвайшоў праз зачыненыя дзьверы, і разам з іншымі апосталамі ўсклікнуў Табе: “Ты – Госпад мой і Бог мой!”

Сапраўды, сябры, у цэнтры сённяшняй нашай евангельсккай сцэны знаходзіцца апостал Тамаш, яго рэакцыя на ўваскрослага Госпада Хрыста.

Тэолагі ламаюць дзіды, намагаючыся адказаць на пытанне: ці сапраўды Тамаш ўклаў сваю руку ў прабіты бок Ісуса, ці яму хапіла толькі пабачыць жывога Госпада на ўласныя вочы? Насамрэч, само гэтае пытанне выглядае недарэчным. Яно не з’яўляецца істотным, таму Евангеліст і не ўдакладняе гэтую дэталь.

Затое Евангеліст Ян рупліва перадае нам наступныя словы Хрыста: «Ты паверыў таму, што ўбачыў мяне. Шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверылі» (Ян 20, 31). Гэтыя словы з’яўляюцца ключом, адказам на згаданую дыскусію тэолагаў. Бо справа не ў дотыке і нават не ў візуальным кантакце. Справа ў духоўным досведе ўваскрослага Хрыста.

Духоўны ж досвед уваскрослага Хрыста ўніверсальны і каб здабыць яго не трэба бачыць прабіты бок Госпада ці ўкладаць у яго пальцы… Але трэба зрабіць крок веры, паверыць! Вера гэта вырастае з удзячнасці Ісусу за тое, што Ён зрабіў для нас. Усведамленне гэтага не толькі аднаразовы акт, але працэс асэнсавання слоў усяго Евангелля ў дачыненні да свайго жыцця. Менавіта акт і працэс веры робіць магчымым духоўны досвед уваскрослага!

Нажаль такі досвед не перадаецца за пасярэдніцтвам гукавых хваляў, не пры дапамозе напісаных слоў… Толькі Святым Духам даецца гэты досвед, толькі верай, якая нараджаецца ад унутранага слухання.

Многія святыя пакінулі нам трошкі бляску гэтага досведу, бляску якім мы можам натхніцца і асвяціць наш духоўны шлях. Як прыклад такога бляску, хачу падзяліцца з вамі, сябры, малітвай святога Ігната Лайолы, які ўсклікае:

«Вазьмі, Госпадзе, і прымі ўсю маю свабоду, памяць, розум і ўсю маю волю – усё, што маю і чым валодаю. Ты мне ўсё гэта даў – Табе, Госпадзе, вяртаю. Усё Тваё. Распараджайся гэтым паводле сваёй волі. Дай мне толькі любоў Тваю і ласку, і мне гэтага хопіць. Амін.»

Вось так, сябры, моліцца святы Ігнат. А чаго не хапае нам, каб усклікнуць разам з Тамашом: “Ты – Госпад мой і Бог мой!”?