Навіны хрысьціянскага сьвету27.05.2021
У Пружане Апостальскі нунцый асьвяціў абраз Маці Божай Апякункі лясоў
22 траўня 2021 году Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Антэ Ёзіч наведаў рыма-каталіцкую парафію Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пружане (Пінская дыяцэзія), дзе падчас урачыстай сьвятой Імшы зьдзейсьніў асьвячэньне абраза Маці Божай Апякункі лясоў — паведамляе Catholic.by.
Стваральнікам унікальнага абраза Маці Божай зьяўляецца берасьцейскі майстар-ювелір, заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Кузьміч, які ў свой час зрабіў копію каштоўнай рэліквіі, страчанай у гады Другой сусьветнай вайны, — крыжа Еўфрасіньні Полацкай, а таксама стаўратэку для яго.
З нагоды асьвячэньня абраза Маці Божай Апякункі лясоў у Пружану таксама быў дастаўлены яшчэ адзін твор сакральнага мастацтва, выкананы майстрам, — абраз сьвятой велікамучаніцы Барбары, якую вельмі шануюць хрысьціяне як заходняй, так і ўсходняй традыцыі. Зусім нядаўна гэты абраз быў асьвячаны біскупам Алегам Буткевічам у касьцёле сьв. Барбары ў Віцебску. З лютага 2021 году абраз з выявай гэтай сьвятой заступніцы ад бедаў і няшчасьцяў заняў пачэснае месца ў касьцёле Сьвятой Тройцы ў Ружане, а перад гэтым ён павандраваў па многіх храмах Беларусі, дзе перад ім змаглі памаліцца многія беларускія вернікі. Духавенства і шматлікія вернікі пранесьлі гэтую ікону велікамучаніцы, якая лічыцца сымбалем нязломнасьці веры, у працэсіі па вуліцах Пружаны. На шляху працэсіі быў прыпынак каля помніка «Спаленым вёскам», які сымбалізуе пакуты, боль і стойкасьць беларускага народа, дзе адбылася малітва ў памяць загінулых жыхароў 58 спаленых вёсак Пружанскага раёну і ўсіх тых, чые жыцьці забрала вайна. Таксама там памаліліся за супакой для Беларусі сёньня.
Працу над стварэньнем іконы Маці Божай Апякункі лясоў мастак-ювелір з Берасьця пачаў адразу пасьля заканчэньня працы над іконай сьвятой Барбары. Памеры абодвух абразоў, выкананых у старажытнай візантыйскай тэхніцы перагародкавай эмалі, зусім невялікія — 21 х 30 см. Над абразом Маці Божай Апякункі лясоў майстар-ювелір Мікалай Кузьміч працаваў сем месяцаў. Наколькі карпатлівай была гэтая праца над іконай Маці Божай, гаворыць таўшчыня перагародак залатога сплаву — ад 0,03 да 0,08 мм. Абраз важкі і ў прамым, і ў пераносным сэнсе: амаль паўтара кілаграма. Асноўнымі матэрыяламі іконы зьяўляюцца золата, срэбра, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Блакітнымі літарамі падпісаны яе тытул на лаціне: Mater Dei Silvarum Patrona. На абразе — фігура Маці Божай на фоне лясоў, а таксама выявы дзьвюх архітэктурных каштоўнасьцяў Пружаны — касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і шляхецкага палацыка, дзе цяпер месьціцца музей.
Беларусь спакон вякоў славіцца сваімі лясамі і пушчамі, якія зьяўляюцца лёгкімі ўсёй Еўропы. І тое, што абраз Маці Божай Апякункі лясоў будзе знаходзіцца ў менавіта ў Пружане вельмі сымбалічна, бо горад знаходзіцца