Сёлета споўнілася 75 гадоў малітоўніку (ці малíтаўніку, як на вокладцы падпісана) “Божым шляхам”, я…

Сёлета споўнілася 75 гадоў малітоўніку (ці малíтаўніку, як на вокладцы падпісана) “Божым шляхам”, які а. Леў Гарошка выдаў у 1946 г. Ягоны зьмест добра адлюстраваў і той час, і самога аўтара, які быў добрым багасловам і быў знаёмы зь беларускай і ўкраінскай уніяцкімі традыцыямі.

Ён адкрываўся штодзённымі малітвамі па-царкоўнаславянску і па-беларуску, а рэшта кнігі – толькі па-беларуску: прынагодныя малітвы, караценькі катэхізм, царкоўны сьпеўнік і нават каляндар з пасхаліяй. Разьдзел прынагодных малітваў – нібы рэха паваенных гадоў: тут і малітва за загінулых у вайне, і малітва сіраты, і малітва ў няшчасьці, але таксама й малітва за беларускі народ, а таксама малітвы дзеля больш празаічных патрэбаў: перад ежай, пасьля ежы, перад сном і г.д.

Верагодна, што гэта быў першы грэка-каталіцкі малітоўнік на сучаснай беларускай мове. Немагчымае на Бацькаўшчыне нашы суайчыньнікі рабілі на чужыне. Значэньне малітоўніка далёка пераўзыйшло і ягоны малюсенькі фармат (ён лёгка зьмяшчаўся на далоні), і свой час. Ён быў першым падручнікам веры на роднай мове для многіх нашых суродзічаў. Ён даў назву бадай найлепшаму рэлігійнаму часопісу беларускай паваеннай дыяспары, які а. Гарошка пачаў выдаваць у 1947 г.

Адсканаваны малітоўнік “Божым шляхам” ёсьць на Беларускай Палічцы: https://knihi.com/Leu_Haroska/Bozym_slacham_Malitaunik_dla_bielarusau.html