Якой жа вялікай рэччу з’яўляецца любоў, калі толькі яна звяртаецца да сваёй прычыны, да свайго пачатку, калі, вяртаючыся да сваёй крыніцы, чэрпае адтуль няспынна, каб зноў забруіць. З усіх рухаў душы, з усіх пачуццяў і перажыванняў, толькі любоў дазваляе стварэнню адказаць свайму Стварыцелю ўзаемнасцю, хоць і не такой жа, але падобнай. Бо, калі любіць Бог, Ён не жадае нічога іншага, акрамя таго, каб Яго любілі. Любіць толькі для таго, каб любілі Яго, і ведае, што любячыя моцаю гэтай любові атрымаюць шчасце.
Абранніцкая любоў, або лепш, Любоў, якая з’яўляецца Абраннікам, не жадае нічога іншага, акрамя ўзаемнай любові і вернасці. Таму няхай будзе дазволена ўмілаванай адудзячыць любоўю. Як жа яна можа не любіць Абранніка, і пры гэтым Абранніка Любові? Чаму б не любіць Любові?
Таму, справядліва выракаючыся ўсіх іншых пачуццяў, яна цалкам прысвячае сябе любові, імкнучыся адказаць на любоў узаемнай любоўю. І калі нават уся цалкам пераменіцца ў любоў, то што гэта перад невычэрпнай крыніцай Любові? Бо не з аднолькавым адданнем любяць той, хто любіць, і Любоў, душа і Слова, абранніца і Абраннік, стварэнне і Стварыцель. Розніца ў гэтым выпадку не меншая, чым паміж чалавекам, які мае прагу, і крыніцай вады.
Што ж далей? Ці спыніцца і цалкам знікне жаданне той, якая чакае вяселля; ці знікне туга засмучанай, ці згасне жар любячай, вернасць той, якая спадзяецца, таму што яна не можа спаборнічаць у бегу з волатам, у слодычы з мёдам, у лагоднасці з ягнём, у белі з лілеяй, у бляску з сонцам, у любові з тым, хто з’яўляецца Любоўю? Хоць стварэнне любіць менш з прычыны сваёй абмежаванасці, аднак, калі любіць з усёй сілы, то такая любоў не мае ні ў чым недахопу. Яна ахоплівае ўсё. Таму так любіць – гэта значыць банкетаваць на вяселлі, бо нельга так моцна любіць і быць менш любімым. Бо дасканалы саюз, які мае таксама ўсю паўнату, заключаецца ва ўзаемнасці абранніка і абранніцы. Калі толькі хтосьці не верыць у тое, што Слова палюбіла душу раней і больш.
Св. Бернард