Настаўнік! Што добрага я павінен зрабіць, каб мець жыццё вечнае? – Як хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі (Мц 19, 16-17).
Што такое свабода чалавека?
Бог дае чалавеку свабоду. Божыя запаведзі не абмяжоўваюць яго выбар, але скіроўваюць да поўнай свабоды і маральнай адказнасці. У стварэнні чалавек атрымаў магчымасць выбіраць і праз правільны выбар рухацца да сапраўднай свабоды. Толькі свядома і добраахвотна выбіраючы Бога, чалавек становіцца цалкам свабодным, жыве ў свабодзе самога Бога.
Госпад заклікаў чалавека да святасці, свабоды і адказнасці. Схільнасць чалавека да зла ўзнікла ў выніку граху прародзічаў. Хрыстос, аздаравіўшы нас, даў нам свабоду дзяцей Божых, паказаў, як выбіраць дабро — рабіць жыццёвы выбар, які вядзе да вызвалення, абагаўлення. У гэтым умацоўвае нас Божая ласка, прымаючы якую, мы перамагаем грахоўныя схільнасці і ўзрастаем у дабрадзейнасцях.
У кожнага чалавека Госпад укладвае ўнутраны закон – сумленне, якое падказвае чалавеку, добры ці дрэнны яго ўчынак. «Бог даў нашай душы чуйнага і нядрэмнага суддзю, гэта значыць сумленне. Няма сярод людзей такога чулага суддзі, як нашае сумленне» (св. Ян Залатавусны, Пра Лазара 4).
Чалавек здольны ўсведамляць мэту і наступствы сваіх дзеянняў і кіраваць сваімі дзеяннямі, якія могуць набліжаць яго да Бога або аддаляць. Той, хто адважваецца на акт гераічнай любові, становіцца героем, а хто добраахвотна згаджаецца на забойства, становіцца забойцам.
“Годнасць чалавека патрабуе, каб ён дзейнічаў паводле свядомага і дабравольнага выбару, гэта значыць асабіста, паводле ўнутранага імпульсу і пераканання, а не паводле нейкага сляпога інстынкту ці чыста вонкавага падпарадкавання… Свабода чалавека, закранутага грахом, можа рэалізаваць гэтую скіраванасць да Бога толькі з дапамогай Божай ласкі. Але кожны павінен будзе даць справаздачу за сваё жыццё перад Божым судом паводле таго, што ён рабіў, дабро ці зло”. (ІІ Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Царкву ў сучасным свеце «Радасць і надзея» 17)