Сапраўдная радасць і сапраўднае свята магчымыя толькі тады, калі будзе знішчана ўсякае зло. Так і св…

Сапраўдная радасць і сапраўднае свята магчымыя толькі тады, калі будзе знішчана ўсякае зло.

Так і святыя падчас усяго свайго жыцця цешыліся, як на свяце. Адзін з іх, а менавіта блаславёны Давід, падымаўся ўначы не раз, а сем разоў, каб уміласціўляць малітвамі Бога. Другі, вялікі Майсей, цешыўся, спяваючы гімны і хвалебныя песні аб перамозе над фараонам і над усімі, хто прыгнятаў габрэяў. Нарэшце, іншыя з няспыннаю радасцю выконвалі святы культ. Вялікі Самуэль і блаславёны Ілля, якія за праведнасць свайго жыцця атрымалі свабоду, цяпер адзначаюць у небе свята, радуючыся сваёй даўняй пілігрымцы ў цені, і ўжо могуць адрозніць праўду ад вобраза.

А на якія шляхі станем мы, хто адзначае урачыстасць? Каго мы возьмем сабе правадыром, набліжаючыся да гэтага свята? Напэўна, мае ўмілаваныя, толькі таго, каго вы разам са мною называеце нашым Госпадам, Ісусам Хрыстом, Які кажа: «Я – дарога» (Ян 14, 6). Ён той, пра Каго св. Ян Хрысціцель кажа: «Бярэ на сябе грэх свету» (Ян 1, 29). Ён ачышчае нашыя душы, як кажа ў іншым месцы прарок Ерамія: «Стойце на дарогах і глядзіце; спытайцеся, якая дарога добрая, і на ёй знойдзеце выпраўленне душ вашых» (пар. Ер 6, 16).

Калісьці толькі кроў казлоў і попел цяляці, рассыпаны над нячыстымі, маглі ачысціць цела. А цяпер праз шчодрую ласку Божага Слова можа ачысціцца кожны. Калі мы разам пойдзем за Iм, то нам ужо тут будзе дазволена адчуць вечнае свята, быццам у брамах нябеснага Ерусаліма. Святыя Апосталы, якія ішлі за Збаўцам як за Правадыром, былі і дагэтуль застаюцца для нас настаўнікамі гэтай ласкі, бо яны сказалі: «Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою» (Мц 19, 27). Дык пойдзем і мы за Госпадам і адзначым свята Госпада не толькі словамі, але і ўчынкамі.

Св. Атаназій Вялікі