Бо гэта дрэва нараджае жыццё, а не смерць; яно асвятляе, а не зацяняе; яно ўводзіць у рай, а не выганяе. На гэта дрэва Хрыстос узышоў, як на калясніцу, і знішчыў д’ябла, які меў моц смерці, і вызваліў чалавечы род ад тыранічнага рабства.
На гэтым дрэве Госпад як самы дасведчаны воін: зранены падчас бою ў рукі, ногі і боскі бок, але імі Ён вылечыў нашую прыроду, зраненую атрутай змея.
Калісьці дрэва прынесла нам згубу, а цяпер, дзякуючы дрэву, нам было вернута жыццё. Калісьці з-за дрэва нас падманулі, а цяпер мы адкінулі на дрэве старадаўняга змея. Гэта сапраўды новыя і незвычайныя замены. Замест смерці даецца жыццё, замест тленнасці – нятленнасць, замест ганьбы – слава.
Таму дарэчна ўсклікаў св. апостал Павел: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Госпада Ісуса Хрыста, праз які свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету» (Гал 6, 14). Бо гэта найвышэйшая мудрасць, якая быццам расцвіла на крыжы, аспрэчыла пыху мудрасці гэтага свету і яе ганарыстую глупоту. А разнастайныя даброты, якія бяруць пачатак у крыжы, вырвалі парасткі зла і нягоднасці.
Ад пачатку свету толькі сімвалы і правобразы гэтага дрэва былі знакамі і прадвесцем неверагодных будучых цудаў. Таму няхай паглядзіць кожны, каго ахоплівае прагнасць пазнання. Ці ж не на малым дрэве каўчэга Ной разам з дзецьмі і жывёламі ўсякага роду ўратаваўся з Божай дапамогай ад згубы патопу?
А што наконт жазла Майсея? Ці ж гэта не вобраз крыжа? На яго ўзмах вада ператварылася ў кроў, гэтае жазло паглынула змеяў егіпецкіх чарадзеяў; сваім ударам яно раздзяліла мора, а потым вярнула марскія плыні і затапіла ворагаў, захоўваючы тых, хто быў выбраным народам.
Такім вобразам крыжа было і жазло Аарона: за адзін дзень расцвіло, паказваючы законнага святара.
Таксама Абрагам указваў на дрэва крыжа, калі свайго звязанага сына паклаў на стосе дрэва. На крыжы смерць была забіта, а Адам вернуты жыццю. Крыжам хваліцца кожны апостал, крыж прыносіць вянок перамогі кожнаму пакутніку, крыжом асвячаецца кожны святы. З дапамогай крыжа мы апранаемся ў Хрыста і здымаем з сябе старога чалавека. Дзякуючы крыжу мы, авечкі Хрыстовы, сабраны ў адзін статак і прызначаны для нябеснай аўчарні.
Св. Тэадор Студыт