Дзеля гэтых двух перыядаў, адзін з якіх праходзіць у выпрабаваннях і нядолях гэтага жыцця, а другі калісьці надыдзе ў вечнай бяспецы і радасці, для нас прызначана таксама два перыяды: напярэдадні Пасхі і пасля яе. Перыяд перад Пасхай увасабляе нядолю, у якой мы цяпер жывём. А перыяд пасля Пасхі азначае шчасце, у якім мы апынемся пасля. Перад Пасхай мы цэлебруем наш цяперашні лёс, а пасля Пасхі – тое, чаго яшчэ не атрымалі. Таму першы перыяд мы праводзім у посце і малітвах, а другі – у адпачынку ад посту і ў праслаўленні. Вось таму мы і спяваем: «Алілуя».
Гэтыя два перыяды паказаныя нам у Хрысце – Галаве нашай. Мука Госпада паказвае нам нядолю цяперашняга жыцця: працу, пакуты і, нарэшце, смерць. А ўваскрасенне і праслаўленне Госпада паказвае нам жыццё, якое мы павінны прыняць.
Таму, браты, заклікаем вас праслаўляць Бога. Да гэтага мы заахвочваем адзін аднаго, калі спяваем: «Алілуч». «Слаўце Госпада», – скажаце вы адзін аднаму і пачуеце тое ж. У гэтай атмасферы ўзаемнага заахвочвання ўсе будуць рабіць тое, да чаго заклікаюць. Аднак хваліце Бога ўсёй сваёй сутнасцю, гэта значыць, няхай не толькі ваш язык і голас праслаўляюць Бога, але сумленне і жыццё ваша, і ўчынкі вашыя.
Цяпер мы праслаўляем Бога, сабраныя ў святыні, а калі кожны пойдзе да сябе, мы як бы перастаем хваліць Бога. Дык не пераставайце добра жыць і заўсёды праслаўляйце Бога. Вы тады перастаяце хваліць Бога, калі адхіляецеся ад Яго справядівасці і ад таго, што падабаецца Яму. А калі вы ніколі не адыходзіце ад добрага жыцця, тады ваш язык маўчыць, але крычыць само жыццё, а вушы Бога прыслухоўваюцца да вашых сэрцаў. Як нашыя вушы прызвычаены чуць нашы галасы, так вушы Бога чуюць нашыя задумы.
Св. Аўгустын