26 ліпеня 1806 г. былі зацверджаны сумесныя прапановы рыма-каталіцкага мітрапаліта С. Богуш-Сестранц…

26 ліпеня 1806 г. былі зацверджаны сумесныя прапановы рыма-каталіцкага мітрапаліта С. Богуш-Сестранцэвіча і полацкага ўніяцкага архіепіскапа І. Лісоўскага. Згодна з імі было вырашана вярнуць уніятаў, якія перайшлі ў каталіцтва, да уніі і не прымаць іх “у рымскі абрад ні пад якім выглядам”.

Перад гэтым 15 сакавіка 1801 г. старшыня рыма-каталіцкай духоўнай калегіі епіскап Я. Беніслаўскі ўнёс прапанову аб дазволе ўніятам пераходзіць у каталіцтва. У 1802 г. паміж уніятамі былі распаўсюджаны чуткі аб нібыта імператарскім указе ад 16 лістапада 1801 г., сэнс якога быў наступны: або яны пераходзяць у рыма-каталіцтва, або будуць пераведзены ў праваслаўе. Па руках хадзіў ліст папскага нунцыя Літты, які быццам бы дазваляў уніятам пераходзіць у каталіцтва.

У 1803 г. у Полацкай уніяцкай епархіі ў каталіцтва перайшло каля 100 тыс. вернікаў. У сувязі з гэтым Аляксандр І 4 ліпеня ўказваў Беларускаму ваеннаму губернатару І. Міхельсону, што “тая ж самая цярпімасць, якая вымушала ўрад не датыкацца да пераканання сумлення ў справах веры, павінна была б паслужыць правілам духоўным каталіцкім уладам у паводзінах іх з уніятамі і забараніць ім усякае спакушэнне народа з уніі ў абрад рыма-каталіцкі. Калі вера пануючая не дазваляе сабе ніякіх прымусовых сродкаў, то… вера цярпімая не можа іх выкарыстоўваць”. Але пераходы працягваліся. Так, у пачатку ХІХ ст. па Дзісненскімі Вілейскім паветах Мінскай губерні ў каталіцтва перайшло каля 20 тыс. уніятаў. Па загадзе Сената ад 1810 г. яны павінны былі вярнуцца да уніі.