#НасустрачРаству. Уваход у храм Найсвяцейшай Багародзіцы: маленькі крок чалавека да ажыццяўлення вял…

#НасустрачРаству. Уваход у храм Найсвяцейшай Багародзіцы: маленькі крок чалавека да ажыццяўлення вялікіх Божых планаў у Хрысце Ісусе

У нараджэнні Хрыста Збаўцы Усячыстая Дзева з Назарэту займае асаблівае месца. Мы ўжо разважалі над урыўкам з Кнігі Быцця, які называецца Протаевангеллем (гл. Быц. 3, 15) і ў якім абяцаецца супрацьстаянне паміж Жанчынаю і змеем, вынікам якога будзе перамога патомства жанчыны над спакуснікам, якога Святое Пісанне называе «д’яблам і сатаной» (Адкр. 12, 9).

Цяпер жа, на першай старонцы Новага Запавету, евангеліст Мацвей пералічвае доўгі шэраг пакаленняў Ізраіля, у канцы якога зноў з’яўляецца жанчына – Марыя, жонка Язэпа, “ад Якой нарадзіўся Ісус, што завецца Хрыстос” (Мц. 1, 16). Радавод Ісуса, які, паводле выразу Папы Бенядыкта XVI, з’яўляецца «радаводам мужчын» (гл. Мц. 1, 1-16), заканчваецца жанчынай, «якая насамрэч з’яўляецца новым пачаткам», бо паказвае, як у гісторыі чалавецтва пачынаецца «новае стварэнне», што паўстае праз Святога Духа: “Бо што ў Ёй пачалося, пачалося з Духа Святога” (Мц. 1:20).

Цяперашняе свята, як і само Божае Нараджэнне, паказвае, што, нягледзячы на ​​нязменную важнасць чалавечых дзеянняў, ключом у гісторыі збаўлення заўсёды з’яўляецца дзеянне Бога, сілы звыш, якая аднаўляе ўсё стварэнне. У той жа час Госпад Бог карыстаецца згодай і супрацоўніцтвам чалавека ў здзяйсненні Сваіх адвечных планаў. Так было і з Марыяй, калі Бог праз Арханёла Габрыэля абвясціў Ёй план збаўлення і запрасіў яе да ўдзелу ў рэалізацыі гэтага Божага плану (гл. Лк. 1, 26-38); гэтак сама было і тады, калі Уваскрослы Збаўца перад сваім Узнясеннем запавёў сваім вучням, што яны прымуць моц Святога Духа, які сыдзе на іх, і будуць Яго сведкамі ў Ерусаліме, ва ўсёй Юдэі і Самарыі, аж да канцоў зямлі (гл. Дзеі 1, 8).

Падобна таму, як Усячыстая Дзева Марыя займае ўнікальнае і непаўторнае месца ў Божых планах, кожнаму з нас у гісторыі збаўлення даручана непаўторнае і асаблівае заданне, якое мы, хрысціяне, называем пакліканнем. Перад намі стаіць дваякае заданне: па-першае, усвядоміць і паспрабаваць адкрыць гэтае асабістае пакліканне, якое Госпад падрыхтаваў для кожнага з нас у межах адзінай гісторыі збаўлення. Гэтае пакліканне заключаецца ў тым, каб, адкрыўшыся на «сілу з вышыні», на ласку Святога Духа, станавіцца сведкамі Хрыста ў сучасным свеце, паводле слоў апостала Пятра: “Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі па Яго слядах” (1Пт. 2, 21).

А па-другое, ужо цяпер, ужо сёння і кожны дзень рабіць хаця б адзін маленькі крок насустрач Божым планам, якія павінны споўніцца ў нашым жыцці і праз нас — у свеце. Дзіцятка Марыя, зрабіўшы маленькі крок да Бога ў храме, зрабіла вялікі крок да спаўнення Божых абяцанняў адносна сябе і ўсяго чалавецтва. З маленькіх крокаў у вернасці Божаму пакліканню будзе стварацца наш асабісты ўдзел у вялікай гісторыі Божага збаўлення, цэнтрам якой з’яўляецца Хрыстос Збаўца, а вернай Слугой — Найсвяцейшая Багародзіца. Узнясём да яе шчырыя малітвы:

Малітва. Ты — абвешчаная прарокамі, слава апосталаў, хвала мучанікаў і адраджэнне ўсіх зямных, Багародзіца Дзева, бо праз Цябе мы з Богам паядналіся. Таму шануем уваход Твой у храм Гасподні, з анёлам усе пяючы Табе: Радуйся, Усячыстая, што малітвамі Тваімі збаўляеш нас!

Ул. Багдан Дзюрах