Таму, ухваляючы вашу руплівасць, неабходную для дасягнення гэтай мэты, будзем імкнуцца з Божай падтрымкай і з дапамогаю вашых малітваў распаліць паводле ўмення, дадзенага мне Духам Святым, схаваную ў вас іскру любові да Бога.
Перш за ўсё зазначым, што перад тым, як Бог даў нам запаведзі, мы атрымалі ад Яго сілы і здольнасць выконваць іх. Таму мы не можам наракаць, нібы ад нас патрабуецца нешта незвычайнае, або ганарыцца, нібы мы даем нешта большае, чым атрымалі. Калі мы правільна і належна выкарыстоўваем гэтыя сілы, мы вядзём пабожнае жыццё, аздобленае цнотамі; а калі ўжываем іх неадпаведным чынам, трапляем ў заганы.
Менавіта ў тым і заключаецца азначэнне граху: дрэннае і супярэчнае Божым запаведзям выкарыстанне здольнасцяў, якія Бог даў нам для ажыццяўлення дабра. І наадварот, цнота, якой патрабуе Бог, заключаецца ў тым, каб выкарыстоўваць іх згодна з Божым наказам і з добрым намерам.
Усё сказанае вышэй можна паўтарыць і ў дачыненні да любові. Перш чым атрымаць запаведзь любові да Бога, мы адразу пасля нашага нараджэння атрымалі здольнасць і магчымасць любіць Бога. Не адбываецца гэта ў выніку знешняга пераканання, але кожны можа навучыцца гэтаму сам і ад самога сябе. Бо мы натуральна імкнёмся да таго, што прыгожае і добрае, нават калі не ўсім адно і тое ж здаецца добрым і прыгожым. Нас жа не трэба вучыць любові да родных і блізкіх, але мы іх любім спантанна і з усёй зычлівасцю.
А што ж – спытаюся – можа быць больш чароўным, чым Божая краса? Што больш любае і мілае, чым разважанне над Божаю веліччу? Якое жаданне душы настолькі моцнае ды імклівае, як тое, якім Бог напаўняе ачышчаную ад усякага граху душу, што кажа: «Я параненая любоўю» (пар. Пп 2, 5). Краса Божага бляску па-просту неапісальная і невыказная.
Св. Васіль Вялікі