Адмысловае асвячэнне свечак — адносна новая традыцыя, якая распаўсюдзілася на нашых землях з XVII ст. Традыцыя асвячэння свечак паходзіць ад старажытнага звычаю арганізоўваць у дзень свята Стрэчання працэсію па горадзе з запаленымі свечнікамі, якія бласлаўляліся святарамі. Гэтая працэсія сімвалізавала ўваход Госпада Ісуса Хрыста – Святла для свету – у Ерусалімскі храм. А сімвалічны сэнс гэтага быў у тым, каб нагадаць пра Святло Хрыстовае, якое асвятляе ўсіх.
Грамнічная свечка насамрэч з’яўляецца іконай Богаяўлення – Хрыстос прыходзіць у гэты свет як Святло праўдзівае, каб кожны чалавек меў магчымасць запаліцца і гарэць любоўю Бога, якую Ён выявіў усім праз Хрыста. Як ікона праўдзівага хрысціянства, свечка паклікана суправаджаць, перш за ўсё, наша штодзённае жыццё, нагадваць, што пакліканне хрысціяніна, як паслядоўніка самога Хрыста, — свяціць, асвятляць, дзяліцца цяплом уласнага жыцця з усімі навокал, каб яны маглі пазнаваць Бога і праслаўляць Яго, самі запаліўшыся Яго любоўю.
Да «грамнічных» свечак трэба ставіцца пабожна і з пашанай, як і да любой іншай асвячанай рэчы. Іх можна запальваць дома, падчас асабістай малітвы. У малітве асвячэння святар просіць Хрыста Збаўцу асвяціць гэтыя свечкі святлом Яго ласкі: “Дазволь літасціва, каб, як гэтыя свечы, што гараць бачным агнём і разганяюць начную цемру, так і сэрцы нашыя, прасветленыя нябачным агнём, якім ёсць святло Духа Святога, пазбеглі цемры граху, і ачышчаным вокам душы бачылі тое, што ёсць прыемным Табе і карысным для нашага збаўлення. Дай каб мы, перамогшы цемру і прынады гэтага свету, сталіся годнымі быць удзельнікамі Незаходнага святла”.