Таму цвёрда вер і ніколі не сумнявайся, што само Адзінароднае Божае Слова, стаўшы целам, прынясло Сябе Богу ў ахвяру за нас, як прыемны водар. У час старога запавету Яму разам з Айцом і Духам Святым патрыярхі і прарокі прыносілі ў ахвяру жывёл. А цяпер, гэта значыць у час новага запавету, таксама Яму разам з Айцом і Духам Святым, з якімі Ён падзяляе боскасць, святая каталіцкая Царква ў веры і любові няспынна прыносіць па ўсёй зямлі ахвяры хлеба і віна.
Гэтыя ахвярапрынашэнні жывёл сімвалізавалі цела Хрыста, якое Ён, будучы бязгрэшным, павінен быў аддаць за нашыя грахі, і кроў, якую павінен быў праліць дзеля адпушчэння нашых грахоў. У гэтай ахвяры ёсць і падзяка, і напамін пра цела Хрыста, якое аддаў за нас, і пра кроў, якую той жа Бог праліў за нас. Кажа пра гэта св. Павел у Дзеях Апосталаў: «Пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Царкву Божую, якую Ён прыдбаў уласнай крывёй» (Дз 20, 28).
Такім чынам, у старазапаветных ахвярах вобразна выяўлялася тое, што павінна было нам быць дадзена. А ў гэтай ахвяры выразна бачна тое, што мы ўжо атрымалі.
Тыя ахвяры прадвяшчалі, што Сын Божы будзе забіты за бязбожных. А гэтая ахвяра абвяшчае нам, што Ён забіты за бязбожных, як сведчыць апостал: «Калі мы былі яшчэ слабымі, Хрыстос у вызначаны час памёр за бязбожных» (Рым 5, 6), – і далей: «Будучы ворагамі, мы паядналіся з Богам праз смерць Яго Сына» (Рым 5, 10).
Св. Фульгентый Руспенскі