+23-24 красавіка 1930 г. адбылася ПЕРШАЯ ПІНСКАЯ ЎНІЙНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ+=Ініцыятарамі і арганізатарамі …

+23-24 красавіка 1930 г. адбылася ПЕРШАЯ ПІНСКАЯ ЎНІЙНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ+

=Ініцыятарамі і арганізатарамі гэтага з’езду былі духоўнік Пінскай лацінскай Духоўнай семінарыі беларус а. д-р Казімір Кулак і а. Ян Урбан, а мецэнатам — мясцовы рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі, шчыры прыхільнік ідэі царкоўнай уніі. Ён бачыў вострую патрэбу пастырскай апекі ў візантыйскім абрадзе для вернікаў, якія жадалі вярнуцца ва Уніяцкую Царкву – пасля перыяду прымусовага ўключэння іх у Праваслаўе Расейскай імперыі (у 1839 г.; на Падляшшы і Холмшчыне ў 1875 г.).

=Канферэнцыя распачаліся архірэйскай Літургіяй (у капліцы духоўнай семінарыі), якую адслужыў біскуп Лазінскі. У сваёй пропаведзі біскуп адзначыў, што галоўнай перашкодай для еднасці Цэркваў з’яўляецца нацыянальны, абрадавы і рэлігійны фанатызм.
Удзельнікамі сустрэчы былі 36 святароў (прадстаўнікоў чорнага і белага духавенства) і 22 слухачы — выхаванцы духоўнай семінарыі ў Пінску. Прэзідыум канферэнцыі склалі: ігумен а. Уладзімір П’янткевіч (усходняга абраду) з Альбярціна, а. Т. Галушчынскі і прэлат Леапольд Шуман з Луцка.

=На канферэнцыі прагучала сем дакладаў, якія па тэмах можна падзяліць на дзве групы: 1) аналіз гістарычнага досведу ўнійных акцый і 2) абмеркаванне абрадавых аспектаў царкоўнага яднання. Вядома, дамінавала другая тэматыка.

=Першая Пінская ўнійная канферэнцыя атрымала значны рэзананс у грамадстве, з новай сілай прыцягнуўшы ўвагу да ўнійнай ідэі. Ва ўнісон з заявамі канферэнцыі часопісы звярталіся да польскіх свецкіх і духоўных колаў з заклікамі не трактаваць працэс неауніі як палітычную справу. Падкрэслівалася, што ўнійная акцыя павінна быць вольная ад паланізацыйных тэндэнцый і стаўлення да ўсходняга абраду як да ніжэйшага, сапсаванага або проста як праявы жадання падпарадкаваць Усход Захаду. У 1931 г. у Дубне на сродкі Папскай Камісіі «Pro Russia» пачала дзейнічаць Папская семінарыя ўсходняга абраду — найбуйнейшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы святароў Каталіцкай Царквы візантыйскага абраду.

=Значным дасягненнем І Пінскай канферэнцыі лічылася таксама прызначэнне Папам Піем ХІ Апостальскага візітатара (у сане біскупа) для католікаў візантыйска-славянскага абраду ў Польшчы. Гэты ўрад атрымаў украінскі грэка-каталіцкі рэдэмптарыст а. Мікалай Чарнецкі. Яго біскупская катэдра знаходзілася ў Ковелі.