11 траўня – свята сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, настаўнікаў славянскіхБраты Канстанцін …

11 траўня – свята сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, настаўнікаў славянскіх

Браты Канстанцін (Кірыла) і Мятод, што нарадзіліся ў шматдзетнай сям’і грэкаў з Тэсалонікаў, ведалі мову славянаў, што жылі ў Македоніі. Канстанцін прыняў манаства і ўзяў імя Кірыла. Ён атрымаў у Канстанцінопалі цудоўную адукацыю, за што сучасьнікі называлі яго «філосафам».

У 863 годзе цэзар Міхаіл VIII (842-867) адправіў іх на просьбу мясцовага ўладара ў Маравію, каб там абвяшчалі Евангельле славянам. Каб спрасьціць сабе місійную працу, Кірыла склаў славянскі алфавіт, так зв. глаголіцу, і пераклаў на славянскую мову частку Сьвятога Пісьма і літургічныя кнігі. Гэта зрабіла літургію больш зразумелай для людзей, якія толькі што навярнуліся. Аднак такі метад душпастырскай працы здабыў сабе праціўнікаў, якія абвінавацілі братоў перад Апостальскай Сталіцай у Рыме ў парушэньні тагачаснай традыцыі місійнай працы Заходняй Царквы.

Папа Адрыян (792-867), пазнаёміўшыся бліжэй з працай Кірылы і Мятода, падтрымаў іх і надаў абодвум годнасьць біскупаў. Сьвяты Кірыла застаўся ў Рыме і памёр 14 лютага 869 году. Ён быў пахаваны ў базыліцы сьв. Клімента, дзе яго цела спачывае і цяпер. А яго старэйшы брат Мятод вярнуўся ў Маравію. Ён нястомна працягваў абвяшчаць Евангелле сярод мараваў, чэхаў, вугорцаў і баўгараў. Памёр у Веляградзе 6 красавіка 885 году.

Аднак пасьля сьмерці архібіскупа Мятода літургія на славянскай мове ў Маравіі ізноў была забароненая нямецкімі біскупамі. За вялікія заслугі ў абвяшчэньні хрысціянскай веры сярод славянскага насельніцтва, сьвятых Кірылу і Мятода называюць «Апосталамі славянаў».

У Балгарыі адной з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў зьяўляецца ордэн сьвятых Кірылы і Мятода. Імя сьвятых, якія знаходзяцца ў вялікай пашане і ў праваслаўнай Царкве, носіць адна з вуліц у Менску. Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ, беручы пад увагу такое вялікае значэньне гэтых сьвятых для ўсіх славянаў, абвясьціў іх таксама Апекунамі Еўропы.

Трапар (тон 4). Роўныя апосталам настаўнікі славянскія Кірыла і Мятодзе багамудрыя, Уладарá ўсіх маліце, каб Ён умацаваў славянскія народы ў веры і згодзе, дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым веліч Свайго зьмілаваньня.

Кандак (тон 3). Сьвятая пара асьветнікаў нашых, Кірыла і Мятодзе, вы праз пераклад Боскіх пісаньняў адчынілі нам богапазнаньня крыніцу, з якое да сёньняшняга дня шчодра чэрпаем, славячы вас; і цяпер, стоячы перад пасадам Усявышняга, безупынна моліцеся за ўсіх нас.