Святы Ілля – прарок, жыццё якога апісана ў кнігах Старога Запавету (1 Вал. 17.1-19; 18; 21.17-28; 2 Вал. 1.3-17; 2.1-18. Сір. 48, 1-11). Ілля прарочыў у паўночным Ізраільскім царстве падчас праўлення цара Ахава (874-853 да н.э.). Ахаў, жадаючы ўмацаваць сваё царства, заключыў палітычны саюз з ханаанскім царом і ўзяў яго дачку Езавэль сабе ў жонкі. Язычніца Езавэль пры падтрымцы цара Ахава распаўсюджвае ў Ізраілі культ бога дажджу і маланкі – Баала – і знішчае многіх прарокаў Гасподніх, а астатнія вымушаныя хавацца.
Ілля стаў кіраўніком школы ізраільскіх прарокаў, вядомай як «Прырочыя Сыны». Самы адданы вучань – Елісей – бярэ на сябе ролю лідэра гэтай школы, пасля таго, як падарожнічаючы з Іллёй, ён убачыў, як той быў узяты на нябёсы на вогненнай калясніцы.
У кнізе прарока Малахіі абвяшчаецца, што Ілля вернецца «перад прыходам вялікага і страшнага дня Госпада», што робіць яго прадвеснікам Месіі. Аўтары Новага Запавету, а праз Евангелле паводле Марка і сам Ісус, паведамляюць, што Ян Хрысціцель дзейнічаў у духу і сіле Іллі, хоць сам ён не лічыў сябе Іллёй. Прарок Ілля разам з Майсеем прабывае з Ісусам падчас Яго перамянення на гары Табор. Такім чынам падкрэсліваецца, што Ісус большы за найбольшага ў Законе — Майсея, а таксама за найвялікшага з прарокаў — Іллю.