Зразумела, што наступная шчаснасць вучыць, якім чынам можна гэта заслужыць: «Шчасныя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5, 9). Наймілейшыя, гэтая шчаснасць не датычыць якога-небудзь паразумення ці дамовы, але кажа пра той мір, пра які кажа Апостал: «Майце мір з Богам» (пар. Рым 5, 1). Пра такі мір кажа таксама прарок: «Вялікі мір у тых, хто любіць Твой закон, яны ніколі не спатыкнуцца» (Пс 119, 165).
Такога міру не змогуць даць нават самае цеснае сяброўства і найбольшае падабенства характараў, калі яны не згодныя з Божай воляй. Нягодныя гэтага міру супольнасці нікчэмных жаданняў, злачынныя саюзы і змовы зла. Любоў свету не згаджаецца з любоўю Бога. Хто не можа адарвацца ад свайго зямнога паходжання, не можа ўвайсці ў супольнасць Божых дзяцей. Тыя, чый розум заўсёды скіраваны да Бога, стараюцца «захаваць еднасць духа ў саюзе спакою» (Эф 4, 3), ніколі не адступаюць ад вечнага закону, з верай вымаўляючы на малітве: «Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі» (Мц 6, 10).
Гэта міратворцы, яны сапраўды аднамысныя і свята згодныя, яны заслугоўваюць таго, каб называцца «дзецьмі Бога і спадкаемцамі Хрыста» (пар. Рым 8, 17). Любоў да Бога і любоў да бліжняга ўчыніць, што яны не будуць баяцца ніякіх выпрабаванняў і ніякіх перашкодаў, але пасля заканчэння ўсялякіх іспытаў адпачнуць у невыказным спакоі Бога, праз нашага Госпада, Які з Айцом і Духам Святым жыве і валадарыць на вякі вякоў. Амін.
Св. Лявон Вялікі