9 жніўня 2024 г. у мястэчку Лагішын, што каля Пінску, пачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішы…

*

9 жніўня 2024 г. у мястэчку Лагішын, што каля Пінску, пачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесься, у якіх па традыцыі бяруць удзел і грэка-католікі на чале з Апостальскім Адміністратарам для грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам).

У санктуарыюм Маці Божай з Бярозы і Баранавічаў сёлета прыйшло шмат пілігрымаў у складзе дзьвюх пешых пілігрымак. Грэка-католікі прыехалі з Берасьця і Івацэвічаў. Адна з групаў па дарозе ў санктуарыюм у Лагішыне наведала Бабровічы і каталіцкія могілкі ў Целяханах, дзе памаліліся ля магілы выдатнага беларускага сьвятара а. Баляслава Пачопкі, які ў міжваенны час быў душпастырам ва ўніяцкай парафіі ў суседніх Бабровічах.

Увечары, па традыцыі, грэка-католікі сьпявалі Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы перад Яе цудатворным абразом у касьцёле сьв. Пятра і Паўла. Малітву ўзначальваў Архімандрыт Сяргей і а. Віталь Быстроў з Івацэвічаў.