Частка 2
Едзем далей. Мне цікава не толькі знайсці касцёл альбо царкву ўкраінскага патрыярхату, але і “разведаць” бліжэйшае наваколле.
Не падабаецца мне мясцовая прырода(
Стэп, нізкарослыя пералескі. Часам трапляюцца азёра, але нейкія яны “бяздушныя”. Хіба што яры надаюць своеасаблівую разнастайнасьць і прыгажосьць.
Чаму так успрымаю? Бо параўноўваю з Беларуссю. Неяк ехалі па трасе Славянск-Ізюм-Харкаў і праязджалі сасновы лес. У мяне ажно дрыжыкі па целу пабеглі ад рэалістычнасці таго быццам па Беларусі еду…
Чарговая вёска ў якой ёсьць царква. Інтэрнэт падказаў, што тут “моляцца за Кірыла”. Праязджаем яе і на дарозе нас запыняюць дзве жанчыны. Старэйшая і маладзейшая. У руках галінкі вярбы.
Папрасілі падвезьці іх пару кіламетраў да наступнай вёскі. Мы паднялі спінкі задніх сядзенняў, якія заставаліся складзенымі пасля перавозкі зброі напярэдадні. Жанчыны селі.
Пачаўся дыялог. Б.., старанна падбіраючы словы, запытаў якога патрыярхату царква з якой шлі жанчыны.
– Какая разница? Ми идём до бога, а он один, – па-расейску з прымяссю суржыку адказалі нам жанчыны.
– Там же за Кирыла моляцца, – на трасянцы працягнуў Б..
– За всех надо молиться. Иисус сказал молиться за врагов.
– Я лепш за Б.. буду маліцца, чым за таго, хто ў мяне страляе! – уставіў свае 5 капеек я. – Ведаеце словы Мураў’ева, іх яшчэ прыпісваюць Екацерыне другой? ШТО НЕ ДАРОБІЦЬ РУСКІ ШТЫК – ДАРОБІЦЬ РУСКІ ЧЫНОЎНІК, РУСКІ НАСТАЎНІК І РУСКІ ПОП.
Малодшая жанчына дастала нейкі дакумент і стала паказваць, кажучы, што ў яе ёсць УБД (пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў). Казалі нам пра любоў да ворагаў і іншае на гэту тэму. Пра тое, што святар у царкве ніяк на яе не ўплывае, нават калі б ён быў прарасейскіх поглядаў. І што ім у царкве нічога такога не прапаведуюць.