Вайсковыя занялі жаночы інтэрнат у Кіеве, дзе засталіся цыдулкі з прапановамі ад жанчын

Клачко Аляксандр Кусь ##Вайна ##Войска #Беларуская мова #Вайна #Войска

Я засяліўся ў адзін пакой з “Лысым”, “Лешым” і, здаецца, “Лясніком”.

Мяркуючы па абстаноўцы ў пакоі і пакінутым у ім рэчам – засталося амаль усё акрамя найбольш каштоўных – мы трапілі ў жаночы інтэрнат. Відавочна, што дзяўчаты ў хуткім парадку з’ехалі адсюль. Магчыма, праз пагрозу штурма Кіева і спыненьне заняткаў ва ўніверсітэце. Гэтага мы дакладна не ведалі.

Але лагічна я мяркую, што хтосьці з іх перад высяленьнем даведаўся, што месцы зоймуць вайсковыя. Аб гэтым сьведчылі цыдулкі з жаночымі імёнамі і прапановай набраць ім на пазначаны нумар тэлефона.

Адна з такіх цыдулак аказалася і ў нашым пакоі. Добра, што ніхто з нас не скарыстаўся прапановай у ёй – нас апярэдзіў невядомы мне пабрацім з іншага пакоя – ён атрымаў за гэта добры наганяй і нарад па-за чаргой. Яго ўчынак быў данесены кожнаму байцу батальёна як прыклад таго, як не трэба рабіць – існавала верагоднасьць, што гэта праца расейскіх спецслужб, якія пад выглядам “дзяўчат” спрабуюць выведаць інфармацыю пра вайсковую частку, размешчаную ў інтэрнаце.