«10 жніўня мы прачнемся ў іншай Беларусі»Аляксандр «Кусь» Клачко, баец полка Кастуся Каліноўскага:«2…

«10 жніўня мы прачнемся ў іншай Беларусі»

Аляксандр «Кусь» Клачко, баец полка Кастуся Каліноўскага:

«2 жніўня ў Баранавічы, мой родны горад, прыязджалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала, быў мітынг. Сабралася пару тысяч чалавек, але, як мне падалося, гэтага вельмі мала для 180-тысячнага горада. Думаў, што Баранавічы не выйдуць на пратэст, таму вырашыў паехаць у Мінск удзельнічаць у акцыі пратэсту супраць таго, што адбываецца ў Беларусі.

Меркаваў, што мы можам нешта змяніць, што ў любым выпадку мы не можам не дзейнічаць. А яшчэ было неверагоднае адчуванне свабоды.

Увечары 8 жніўня я быў у Баранавічах і меў размову з блізкімі. Яны адгаворвалі мяне, каб на наступны дзень, 9 жніўня, я не ехаў у Мінск пратэставаць. Блізкія мне казалі, што я эгаіст і думаю толькі пра сябе, што мяне там могуць пабіць, пакалечыць, забіць, пасадзіць. Абвінавачвалі, што я не думаю пра іх і што нічога не змяню, ні на што не паўплываю сваім учынкам.

Адказаў ім: калі ўсе будуць думаць, што мы нічога не зменім і ні на што не паўплываем, і застануцца дома, то нічога не зменіцца, і цягам часу [сітуацыя ў краіне] стане толькі горш. А калі ўсе зробяць, як я, выйдуць на вуліцы сваіх гарадоў, паедуць у Мінск на плошчу і выкажуць мірным шляхам сваю нязгоду з той хлуснёй і злачынствамі, якія адбываюцца ў краіне,тады мы зможам усё памяняць і 10 жніўня мы прачнемся ў іншай Беларусі.

Канешне, было страшна, хадзілі чуткі, што ледзь не танкі ў Мінск зганяюць, могуць адкрываць агонь на паражэнне баявымі патронамі. Але я разумеў, што па-іншаму я не магу зрабіць, па-іншаму нельга. І 9 жніўня я паехаў у Мінск».

https://m.nashaniva.com/323267/