Абарона Кіева.Аповед 3: Апошні дзень у Беларускай роцеСёньня мы так і не атрымалі зброю – адказны за…

Абарона Кіева.
Аповед 3: Апошні дзень у Беларускай роце

Сёньня мы так і не атрымалі зброю – адказны за выдачу чалавек быў у ад’ездзе. З намі правялі першы занятак. Ён адбыўся ў адной з аўдыторый каледжа. Разглядалі агульныя пытаньні. Заўтра абяцалі, што будзем вучыцца страляць. Я заўважыў, што многія хлопцы ў звычайным абіходзе размаўлялі па-беларуску.

Каля 17 ў тэлеграм-канале “Баста” журналісты выклалі наша ўчарашняе фота на Львоўскім вакзале. Паднялі пытаньне: “Хто гэта фота выклаў на “Басту” з адкрытымі тварамі?” Маўляў, варожыя спецслужбы праз сваякоў могуць узяць чалавека з фота на зачэпку і вымусіць супрацоўнічаць – перадаваць інфармацыю (https://t.me/bnkbel/78021).

Аказалася, што гэта Віктар “Лешы” Савіч падзяліўся тым фота з кімсьці з Вільні. У выніку крайняй зрабілі знаходзіўшуюся ў Вільні Бэллу Фокс.

Мы схадзілі на стадыён суседняй школы. Трошкі пазаймаліся на турніках. На гарызонце бачылі водбліскі – здаецца ўкраінскія грады ці штосьці падобнае працавалі па расейцам.

Пад вечар мне стала нават неяк нудотна: шмат часу гублялася ў пустэчу. Мы нават форму не атрымалі. Не кажу ўжо пра зброю.

А 21 ў мэтах маскіроўкі выключылі святло. Карыстацца можна было ліхтарыкамі. Але толькі калі вокны выходзілі ў супрацьлеглы ад расейцаў бок. Пры гэтым вокны мусілі быць закрыты чорнай плёнкай.

Спаць паклаліся ў спальніках на пасьцеляных на падлозе калідора каледжа карэматах. Каля 23 хлопцы параілі не спаць і быць напагатове: лунала паветраная трывога. Адчувалася невялікая вібрацыя – мы яшчэ не навучыліся адрозніваць ад чаго – здаецца “выхады” нашай (украінскай) артылерыі.

У цэлым дзень скончваўся добра. Спаць у любым выпадку трэба было – на 07:50 у нас было запланавана шыхтаваньне.
#зрабікуськабвызваліцьбеларусь
#беларусьбудзевольнай