4 сакавіка 2026 падчас выкананьня задачы па супрацьдзеяньню маскоўскай агрэсіі ад варожага дрона заг…

4 сакавіка 2026 падчас выкананьня задачы па супрацьдзеяньню маскоўскай агрэсіі ад варожага дрона загінуў мой пабрацім і (у 2023-м) камандзір нашай смены ПТРК Васіль “Дзір” Рапіцкі (18.04.1985-04.03.2026).

У “Дзіра” ва Украіне засталася жонка і двое непоўнагадовых дзяцей.

Падтрымаць сям’ю можна напрамую на ўкраінскую картку:
4149499081775155
Svitlana Rapitska.

“Дзір” быў простым беларускім хлопцам, які шмат гадоў жыў ва Украіне. Да паўнамаштабнага ўварваньня працаваў на будоўлі, набыў у Кіеве кватэру.

Калі маскоўскія акупанты падыйшлі да ўкраінскай сталіцы ў 2022 – ён не змог застацца ў баку і далучыўся да палка Каліноўскага. Мы разам “працавалі” у батальёне “Волат”. Ён быў камандзірам маёй другой змены нашага супрацьтанкавага падроздзела (ПТРК).

У апошнія 2 гады перавёўся з маімі хлопцамі з ПТРК батальёна “Волат” у іншы падроздзел, выконваў абавязкі кіроўцы ў франтавой зоне.

Атрымаў узнагароды ад рады БНР і ад Украіны. “Курсант” не памыліўся, абраўшы ў свой час “Дзіра” і “Г(ідру)” камандзірамі змен ПТРК “Волат” – свае абавязкі яны выконвалі годна.

Пры жыцьці “Дзір” не публічыў сваё імя, таму ў сваёй кнізе я называю яго “Д(жонам)” – ад сугучнасьці назвы амерыканскага трактара, які мы неаднаразова сустракалі на прыфрантавых палях Украіны: “Джон Дзір”.

Урывак успамінаў з ім ад 05.02.2023:

“На машыне мы ехалі хутка. Д(жон) аб’язджаў невялікія варонкі ад мін у асфальце.

Часам мы альбо нас абганяла іншае аўто аднолькавага з намі зялёнага колеру… За ўзгоркам адкрываўся непаўторны па сваёй прыгажосьці далягляд на Бахмут.”

Беларусь, як і Украіна, будуць вольнымі.
#Беларусьбудзевольнай