Дарога на вайнуАповед 17: ЛьвоўУпершыню ў жыцьці я апынуўся ў Львове.Гадоў каля 20 таму, працуючы на…

Дарога на вайну
Аповед 17: Львоў

Упершыню ў жыцьці я апынуўся ў Львове.

Гадоў каля 20 таму, працуючы на чыгунцы я чуў ад свайго першага начальніка – расейскага вайсковага пенсіянера Уладзіміра Рцішчава (скончыць жыцьцё самагубствам у 2019 годзе), – што ў Львове з ім адмаўляліся размаўляць, калі ён звяртаўся па-расейску. Тады мне здавалася гэта нейкім незразумелым і дзіўным. (Зараз я разумею тых льваўчан).

Апынуўшыся ў Львове пасля паўнамаштабнага ўторгненьня, я, расейскамоўны, не адчуў негатыўнага стаўленьня да сябе. Мабыць таму, што мая мэта казала за мяне, што я не маскаль – паважаю украінскае. І таму мова – расейская мова – ад такога чалавека не трыгерыла жыхароў заходняй часткі Украіны.

У Львове нас сустракаў Сяргей Бульба. Ён разьмясьціў нас ў будынку дзіцячага садка. Падыходы да яго і казыркі пад’ездаў былі ўмацаваны мяхамі з пяском – на выпадак неабходнасьці трымаць абарону. Калідоры былі застаўлены каробкамі з гуманітарнай дапамогай.

Тут мы планавалі далейшыя крокі. Кожны крок узгадняўся з прадстаўнікамі Беларускай роты ў Кіеве і СБУ. Разглядаўся варыянт прайсьці элементарнае навучаньне па валоданьню зброяй на палігоне пада Львовам (пераважная большасьць з нас ніколі не страляла з аўтамата).

У дзень прыезда не было аніякай канкрэтыкі наконт нашых дальнейшых рухаў.

Таму мы павячэралі ў кафэ “Энергия” – уладальнікі якога не ўзялі з нас аплаты. (Яны не бралі яе з любога вайсковага ў тыя часы). Памыўся я ў цесным душы-паддоне без занавесі, які працаваў ад бойлера і быў, мабыць, адзіны на ўвесь садок.

Спаць паклаўся на карэмаце ў спальніку на падлозе памяшканьня ясельнай групы. На бліжэйшай сьцяне віселі дзіцячыя малюнкі. Пад імі спаў на падлозе, пахрапваючы ў сне, незнаёмы мне тэрэошнік, які сярод ночы заступаў у нарад.

Спаў я кепска. Матрацы на падлозе явараўскага цэнтра ўцекачоў падаліся мне, у параўнаньні, пяцізорачным гатэлем. Тут жа такі своеасабліва вымераны параўнальны ўзровень камфорту ледзь дасягаў трох зорак. Усю ноч я варочаўся. Ныла спіна. І мне прыходзілася спаць то на адным, то на другім баку.
#беларусьбудзевольнайkus
#зрабікуськабвызваліцьбеларусь