А 16 гадзіне 3 сакавіка 2022 ля украінскай амбасады ў Вільні мяне праважала Люба і “Алег 22” са сваі…

А 16 гадзіне 3 сакавіка 2022 ля украінскай амбасады ў Вільні мяне праважала Люба і “Алег 22” са сваім сябрам. Як звычайна спазнілася, але паспела пад’ехаць у апошні момант Натальля Калегава.

Не памятаю асабліва момант развітаньня з Любай. Для мяне ён ўжо не быў нечым эмацыйным. Усе эмоцыі, перажываньні, сумневы і хваляваньні засталіся ў папярэдніх двух днях.

Замест аўтобуса быў пікап. У кузаў мы паклалі рэчы. Яны ляглі сярод пары бронекамізэлек і іншай вайсковай амуніцыі, якую перадавала ўкраінская амбасада на вайну.

Да польска-украінскай мяжы нас ехала 4-ра: кіроўца, які быў супрацоўнікам амбасады, я, габрэй-літовец і хлопец-кіеўлянін, які вяртаўся з Еўропы абараняць сваю радзіму.

Дарога праз Польшчу прайшла для мяне, як звычайна, калі я не за рулём еду па незнаёмай мясцовасьці, не пакінуўшы адзнак маршрута якім мы ехалі. Тым больш, што палова нашага шляху прыйшлася на цёмны час содняў.

Мая памяць не захавала размоў, якія мы вялі з новазнаёмымі спадароднікамі. Мабыць таму, што ні аб чым глыбокім мы не размаўлялі.

Перад намі была невядомая бездань. І ніхто з нас не ведаў што нас чакае на перадзе і як нашае рашэньне паўплывае на наш лёс.

Зараз, пішучы гэтыя строкі праз тры з паловай гады шкадую толькі аб тым, што не захаваў кантакты сваіх спадарожнікаў: цікава было б даведацца які лёс ім выпаў.