Сёньня, 2 сакавіка 2022, чацвер. Я адпрасіўся з працы і, разам з Любай, пайшоў ва украінскую амбасад…

Сёньня, 2 сакавіка 2022, чацвер. Я адпрасіўся з працы і, разам з Любай, пайшоў ва украінскую амбасаду ў Вільні на Teatro g.4. Супрацоўніка, які прымаў заяўкі не было на месцы – нас папрасілі падыйсьці праз 2 гадзіны.

Люба паехала на працу (у яе сёньня была другая змена), а я праз 2 гадзіны зноў стаяў перад украінскай амбасадай.

За мной у чаргу сталі 2 хлопцы гадоў 20-25.
“Тоже, наверное, беларусы. Пришли записываться добровольцами”, – падумаў я. Тым больш адзін з іх распавядаў, што нейкі час жыў у Менску. Адзінае, што яго здзівіла, што і я паўтары гады пражыў і працаваў у Менску.

Ягоная рэакцыя стала мне зразумелай пасля таго, як да каліткі выйшай супрацоўнік амбасады і запытаў хто па якому пытаньню прыйшоў.

Гэтыя два хлопцы прыйшлі абнавіць свае пашпарты. (Так! Яны аказаліся ўкраінцамі!) Супрацоўнік амбасады адправіў іх у консульства па іншай адрэсе. А мяне запрасіў унутр амбасады напісаць заяву ў замежны легіён.

“Дзіўна! Я, беларус, прыйшоў запісвацца добраахвотнікам ва ўкраінскую амбасаду. А гэтыя двое грамадзян Украіны замест жаданьня бараніць сваю зямлю проста прыйшлі абнавіць свае ўкраінскія пашпарты”, – падумаў я ў той момант.