Надыйшоў 2019 год. Лукашэнка ўціхую спрабаваў узгадніць з Пуціным дарожныя мапы. Яны называліся “Дар…

Надыйшоў 2019 год. Лукашэнка ўціхую спрабаваў узгадніць з Пуціным дарожныя мапы. Яны называліся “Дарожныя мапы па інтэграцыі Расеі і Беларусі”. Я ўспрымаў іх ніяк інакш як “Дарожныя мапы па далучэньні Беларусі да Расеі”. Я быў супраць гэтага. Але больш за ўсё мяне чапляў фармат перамоваў: будучыню Беларусі вырашалі кулуарна без удзелу саміх беларусаў.

Упершыню за 18 гадоў (апошні раз я быў на несанкцыянаванай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску падчас прэзідэнтскіх выбараў – 9 верасня 2001 года) я паўстаў перад выбарам: удзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй альбо не?

Мне было страшна. Я ўжо не працаваў на дзяржаўнай працы. Таму звальненьня за ўдзел не чакаў. Але я разважаў, што акцыя будзе жорстка разогнана. Гэта не спыніла мяне. Я вырашыў ехаць. Чаму? Бо інакш не мог. Мне важна было выказаць актыўную пазіцыю супраць магчымай страты Беларусьсю суверэнітэта пад соўсам “інтэграцыя”.

Былі апошнія выходныя лістапада. Такіх як я з усёй Беларусі назбіралася толькі каля 8 соцен чалавек. Мала для 10-цімільённага народа. Мы сталі ланцужкамі ўздоўж праспекта. Я стаяў насупраць Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнік ДАІ з мегафонам хадзіў перад намі і аднатонным голасам казаў адзін і той жа тэкст: вашая акцыя несанкцыянаваная. Разыйдзіцеся. Інакш будзеце прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці. Ніхто не разыходзіўся. Больш таго мы маршам прайшліся па цэнтру Менска (праўда дарогі пераходзілі толькі на зялёнае святло).

Менавіта тады я ўласнавочна пабачыў Паўла Севярынца – аднаго з арганізатараў акцыі. І мне ён падаўся шчырым беларусам. Трошкі занадта рэлігіозным пры гэтым. Побач з ім нёс мегафон тады яшчэ не знаёмы мне будучы беларускі добраахвотнік Віталь “Вітушка” Трыгубаў.

Пад канец акцыі, у скверы насупраць цырку, па ініцыятыве Паўла Севярынца мы праспявалі “Магутны Божа” (мне больш імпануе “Пагоня”). І, пасля кароткага вырашэньня арганізацыйных момантаў: хто з іншагародніх у каго з мінчан можа спыніцца, каб прыняць удзел у акцыі на наступны дзень, мы разыйшліся.

Разгону не было. Я палічыў, што гэта звязана з тым, што акцыя была выгодна Лукашэнку, каб даражэй прадаць суверэнітэт Беларусі: маўляў “Вова, паглядзі – у мяне народ бунтуе. Трэба, каб ты прапанаваў больш прымальныя ўмовы “інтэграцыі”.

Другі і апошні раз ў тых акцыях пратэсту я ўдзельнічаў на наступныя выходныя напачатку снежня 2019 года. Было ўжо не так страшна праз атрыманы досвед на мінулыя выходныя і разуменьне, што жорсткі разгон хутчэй за ўсё не адбудзецца.

Мой удзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй у 2019 годзе я не адношу да актыўнай барацьбы супраць рэжыма Лукашэнкі альбо Расеі. Але гэта быў пачатак абуджэньня маёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі, якая спала пасля таго расчараваньня што ў апазіцыі, што ў рэжыме Лукашэнкі, якое адбылося са мной у далёкім 2001-м годзе.