Сёньня дзень нашай ратацыі. 21 красавіка 2023. Апошні мой дзень на баявых падчас другой маёй кадэнцы…

Клачко Аляксандр Кусь ##Беларуская мова #Вайна #Войска

Сёньня дзень нашай ратацыі. 21 красавіка 2023. Апошні мой дзень на баявых падчас другой маёй кадэнцыі ва Украіне.

Г(ідра) прыехаў з хлопцамі нас мяняць. Яны прыехалі на двух загружаных пад завязку машынах, якія мы дапамаглі разгрузіць. Пасля гэтага паказалі хлопцам наш часовы дом.

Паколькі Г(ур) і З(ёлка) яшчэ заставаліся на баявым (бо далучыліся да нас пазней), то залік па сапагу здавалі толькі тыя, хто ратыраваўся сёньня – я, Д(жон), Ваяр і Бача.

Як гэта адбывалася? Мы сабраліся ўсе разам перад сенцамі нашага дома. Мы – тыя хто прыехаў працаваць (каб лішні раз асвяжыць веды) і тыя хто мусіў з’ехаць на адпачынак.

Г(ідра) па чарзе задаваў пытаньні па СПГ-9. Мы адказвалі. Бывала, нават, хтосьці з нас памыляўся, альбо не ведаў адказ. Але ў Г(ідры) не было задачы заваліць нас. Ён ставіў іншую мэту – паглыбіць нашыя веды.

Залік быў здан паспяхова ўсімі намі без выключэньня. Мы маглі ехаць. Але заставалася яшчэ адна задача, якую Курсант даручыў Д(жону). Аб гэтым – у наступным аповедзе.

Г(ідра) і Бахус, які таксама стаяў з намі перад сенцамі дома ў той дзень, загінуць 7 кастрычніка 2023 пад Купянскам. Курсант, які будзе з імі на пазіцыі, цудам ацалее. В(ір) будзе лёгка паранены, але атрымае псіхалагічную траўму – пачуцьцё віны, што не загінуў разам з імі.

Сёньня я бачыў Г(ідру) апошні раз. З Бахусам мы яшчэ пабачымся ў жніўні 2023, калі ён наведае мяне ў Кіеўскім інстытуце нефралогіі.