21 красавіка 2023 года, сяло Раскошнае бліз Канстанцінаўкі Данецкай вобласьці.Сёньняшняе слова дня -…

21 красавіка 2023 года, сяло Раскошнае бліз Канстанцінаўкі Данецкай вобласьці.

Сёньняшняе слова дня – “Вусны”. Мне тэрмінова трэба зрабіць фота да яго.

Ваяр і Воскар – мае звычайныя “мадэлі”, якія не хаваюць свой твар, заўсёды побач і таму, звычайна іх я, перыядычна, “прымушаю” праілюстраваць тое ці іншае слова дня. Часам, калі можна зрабіць гэта без твару, выкарыстоўваю Бачу.

Але яны мне сёньня не падыходзяць:

Я рэпошчу слова дня ў шэрагу беларускіх чатаў і ў сігнале батальёна “Волат”. Наўрадці рускамоўных беларускіх добраахвотнікаў натхняць на вывучэньне беларускай мовы вусны Воскара альбо Ваяра. Трэба дзяўчына.

І тут я ўспомніў пра “Кнопачку”, якая жыла ў нашым доме і зараз пераехала ў крайні дом на вуліцы да мясцовай сям’і.

Я падыйшоў да Бачы і растлумачыў сітуацыю. Той пастаянна падкармліваў мясцовых жыхароў залішкамі нашай ежы, якую мы альбо прывозілі са сталовай нашай базы ў Краматорску, альбо набывалі за свой кошт у краме.

Так і зараз я вырашыў залагодзіць да сябе дзяўчыну і яе гаспадароў, пачаставаўшы іх ежай.