2 жніўня 1884 года нарадзіўся праваслаўны святар, які змагаўся за беларускую мову, быў пасвячоны на …

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

2 жніўня 1884 года нарадзіўся праваслаўны святар, які змагаўся за беларускую мову, быў пасвячоны на святарства ў Гродне, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і забіты нацыстамі за выратаванне габрэяў

Нарадзіўся ў вёсцы Рыдзялі (цяпер Гродзенскі раён).

Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў у школе, а падчас Першай сусветнай вайны — у банкаўскай сістэме. У 1921 годзе быў пасвечаны на святарства ў Гродне. У Вільні аднавіў разбураны храм у Шніпішках (вядомая вам сёння, як царква каля Кальварыйскага рынка) і праводзіў службы па-беларуску, заклікаючы прыхаджан змагацца за свае правы і адкрываць беларускія школы.

У 1927–1928 гадах разам з сенатарам Вячаславам Багдановічам фінансава падтрымліваў выдавецтва часопіса «Праваслаўная Беларусь», дзе рэдактарам і выдаўцом быў віленскі святар Лукаш Голад.

У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве — самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні.

Адначасова працаваў у Беларускім кааператыўным банку, выкладаў Закон Божы і кіраваў інтэрнатам Віленскай беларускай гімназіі. Рэдагаваў часопіс «Беларуская зарніца», выступаў за беларусізацыю праваслаўя і быў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства.

У 1932 годзе быў высланы польскімі ўладамі з Вільні за ўдзел у беларускім руху, служыў у Пастаўскім і Вілейскім паветах. У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка. Потым пераехаў у Мінск, дзе працаваў у выдавецкай камісіі і служыў у Плешчаніцах.

У 1943 годзе быў арыштаваны гестапа за дапамогу габрэям і расстраляны.

Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз

Дачка святара Аляксандра Каўша, Зоя Каўшанка, усталявала ў яго памяць кенатаф на Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні. Пазней гэтае месца стала сямейнай магілай, у якой пахавана і сама спадарыня Зоя.