А давайце сёння два верша. Пра жнівень. Адзін ужо класічны, другі яшчэ будзе класікай. Але па настро…

Чыжоўка (Семь чижей ИнфоПоле) #Навіны_суполак #Палітыка

А давайце сёння два верша. Пра жнівень. Адзін ужо класічны, другі яшчэ будзе класікай. Але па настрою яны пераклікаюцца: гарачыя, жывыя, летнія.

***

Ніл Гілевіч

Жнiвень, арэхi i жоўтыя восы,
Што замiналi цябе цалаваць.
Першы маток павуцiны бялёсы.
Пах пераспелай травы ў галавах.

Недзе на пожнi рыпелi калёсы.
Недзе натужна маторы гулi…
Грэшнае шчасце на грэшнай зямлi.
Жнiвень… Арэхi… I жоўтыя восы…

***

Андрэй Хадановіч

Падае жнівень з метэарытных ног.
Спёку і лівень шле самагонны бог.
Хопіць малому зорнага крыгалому.
Схопішся й за салому, тонучы ў снох.

Час і надвор’е сёння твае зусім.
Нібы сузор’е, на тарзанцы вісім.
Месяц над лесам патанае ў святле сам,
плывучы ўсходнім крэсам нашых летаў і зім.

Зоры, як рыбы ў возеры між трысця.
З кожнае хібы цешышся, як дзіця.
Столькі відзежаў плавае без адзежаў.
Лета без межаў. Межы – толькі ў жыцця.

Жыве Беларусь!