Адказы на пытанні (частка 2) Былыя сябры Народнай Грамады, якія зараз знаходзяцца за межамі Белар…

Адказы на пытанні (частка 2)
Былыя сябры Народнай Грамады, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі , перадалі некалькі пытаньняў да мяне, якія найбольш цікавяць людзей. Працягваю адказваць на іх тут. Вось наступнае з іх:
– Першыя артыкулы, якія вы напісалі, ужо выклікалі дыскусіі не толькі сярод беларусаў, але і сярод замежнікаў. Адна з найважнейшых падзеяў апошніх гадоў – вайна ва Украіне. Знакавыя падзеі адбыліся і сёлета. Арыштаваны дыктатар Мадура, ЗША і Ізраіль вядуць вайну супраць іранскага рэжыму. Як вы ацэньваеце геапалітычную сітуацыю сёння?
Наконт маіх артыкулаў. Публікуючы іх, я чакаў негатыўнай рэакцыі ад некаторых чытачоў, але ўяўляў яе недзе так: “што тут казаць, усё ж, інсульт галаўнога мозгу”, далей фальшывыя спачуванні і такія ж пажаданні “хутчэйшага выздараўлення”. Але зусім не чакаў, што пад сумнеў будзе пастаўлена нават маё аўтарства. Дык хто інакш іх напісаў, мо прывід Шэкспіра праслізнуў на мой асабісты канал, а я, з-за любові да літаратуры, змаўчаў? Прычым, пры адмаўленні аўтарства, я бачу, што некаторыя публічныя асобы скарыстоўваюць высновы з майго першага артыкула, але без спасылкі на іх аўтара. Ну, добра хоць так. Мо, яны проста не хочуць ўзгадваць прывід Шэкспіра? Ці лічаць і мяне прывідам. Трэба прызнаць , што ў юрыдычным сэнсе яны ў нечым маюць рацыю, бо мяне вызвалілі без ніводнага дакумента, які б сведчыў маю асобу. Пашпарт застаўся ў калоніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувенір? А без яго не тое, што за мяжу на абследаванне не выедзеш, як многія прапануюць, нават у мясцовую паліклініку не звернешся. І не дакажаш, што я – гэта я. Толькі адны мужныя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізічнае існаванне без дакументаў, але адразу ж заявілі прэтэнзіі на палову маёй пенсііі, якую я таксама не магу аднавіць без пашпарта.
Прызнаўшы слушнасць маіх высноў пра пагрозу Беларусі, многія крытычна паставіліся да маіх прапаноў па яе купіраванню. Але нічога не прапанавалі наўзамен. Мо, як цяжарная школьніца, спадзяюцца, што “само рассмокчацца”?
Пра геапалітычную сітуацыю вакол Беларусі я дастаткова падрабязна напісаў у гэтых артыкулах. Калі пра рэальны стан беларускага грамадства і сітуацыю ў палітычнай эміграцыі інфармацыі ў мяне было мала, бо “Советская Белоруссия”, якую я мусіў выпісваць у калоніі, тут не лепшая крыніца, то пра стан расійскай эканомікі, афіцыйныя ўстаноўкі і памкненні Крамля, міжнародныя падзеі – пра ўсё гэта можна было скласці пэўнае ўяўленне нават з тых жа “Известий”, якія я таксама выпісваў. Да таго ж, яшчэ савецкі досвед чытання паміж радкоў і мой дастаткова вялікі і разнастайны жыццёвы, палітычны і вайсковы досвед, (а я маю вельмі добрую памяць), давалі дастаткова інфармацыі для аналізу. І высновы відавочныя. Прайграўшы Ўкраіну, Крэмль будзе шукаць іншыя месцы прарыва на Захад. Бо расійская масавая свядомасць дагэтуль не змяшчаецца ў межах РФ, а кіраўніцтву Крамля патрэбна “пераможная вайнушка”, каб захаваць і перадаць у спадчыну ўладу. А таксама, каб прымусіць Еўропу адмовіцца ад санкцый і вярнуцца да фінансавання крызіснай расійскай эканомікі праз масштабны закуп у РФ вуглевадародаў. Таму значнасць “беларускага балкона” для Москвы будзе толькі расці, што спараджае цэлы шэраг рызык не толькі для і так фармальнай беларускай дзяржаўнасці, але і для фізічнага існавання Беларусі і беларусаў.
Кажу пра гэта толькі таму, што менавіта падтрымка Масквы з’яўляецца асновай ўстойлівасці беларускага рэжыма. Такая залежнасць можа каштаваць нам вельмі дорага. Яе нельга прыбраць звонку іншым краінам, бо гэта толькі абвострыць бітву за “балкон” з боку Масквы. У Венесуэле ўстойлівасць рэжыма забяспечвалася падтрымкай бяднейшых слаёў насельніцтва, якія за гэта атрымоўвалі ад уладаў бясплатныя прадукты харчавання, таму замена Мадуры там мала што мяняе, наадварот, яго былыя прыхільнікі спадзяюцца, што цяпер санкцыі здымуць і “кармленне” стане лепшым. У Іране рэжым абапіраецца на шыізм – рэлігію, заснаваную на ідэі пакутніцтва і кульце смерці. Прыхільнікаў гэтай рэлігіі там яшчэ дастаткова, каб падтрымліваць у дзеяздольным стане шматлікія сілавыя структуры.