Фабіян Абрантовіч адзначаў: «Каталіцкая Царква не зьяўляецца выключна ані лацінскай, ані грэцкай, ані славянскай (польскай, рускай), ані якойсьці іншай, а каталіцкай, значыць паўсюднай. Гэта азначае для ўсіх часоў, месцаў, людзей, абрадаў, моваў. Калі б Царква такой не была па волі Хрыста, свайго Заснавальніка, яна не была б каталіцкай <…>
Што сапраўды каталіцкае, тое Божае, і нікому ня можа пашкодзіць.<…> Няхай палякі застаюцца палякамі, любяць свой лацінскі абрад, але таксама няхай не прычыняюцца ніякім чынам да таго, каб тыя, хто не нарадзіўся ў гэтым абрадзе, абавязкова яго прымалі. Мы яшчэ раз павінны зразумець, што каталіцкасьць грунтуецца не на абрадзе, не на назьве, а на адзінстве веры і кіраўніка.
Што з таго, што праваслаўныя называюцца праваслаўнымі, калі на самай справе яны не такія. У лацінскай сьвятой Імшы католікі лацінскага абраду называюцца праваслаўнымі. Як і што з таго, што католік называецца католікам, калі ён ім не зьяўляецца. Да падзелу кожны праваслаўны быў католікам, а кожны католік — праваслаўным, і да гэтага мы павінны імкнуцца цяпер».