У маладым узросьце каралевіч захварэў на сухоты. Лекары настойвалі, каб ён адмовіўся ад зароку цнат…

У маладым узросьце каралевіч захварэў на сухоты. Лекары настойвалі, каб ён адмовіўся ад зароку цнатлівасьці, лічылі што палепшыць яго здароўе можа шлюб і інтымныя адносіны. Аднак каралевіч рашуча адмовіўся ад гэтай прапановы, кажучы: «Лепш страчу сваё кароткае зямное жыцьцё тут, чым праз грэх ня траплю ў вечнае райскае жыцьцё. Ня ведаю іншага жыцьця і іншага здароўя, як толькі ў Ісусе Хрысьце».

На сьвяты Нараджэньня Хрыстова 1483 г. стан здароўя дазволіў каралевічу Казімеру паехаць да бацькоў у Горадню, каб разам адзначыць там гэтае радаснае сьвята. У студзені 1484 г. кароль адправіўся на сойм у Люблін, але ў хуткім часе прыйшла вестка аб тым, што здароўе каралевіча пагоршылася, таму кароль вярнуўся і яшчэ застаў Казімера жывым.

У нядзелю 4 сакавіка 1484 г. у прысутнасьці сьвятароў і манахаў, якія нястомна маліліся, у поўнай сьвядомасьці, трымаючы ў руках крыж і медалік з выявай Маці Божай, каралевіч Казімер адышоў да Бога ва ўзросьце 25 гадоў. Пахаваны быў у катэдры сьв. Станіслава ў Вільні. У труну паклалі яго любімы гімн «Omni die dic Mariae».

Упершыню пра сьвятасьць Казімера і цуды, што адбываліся пры ягонай пахавальні, сьведчыў пасол вялікага князя Аляксандра пробашч віленскай катэдры Эразм Цёлак у сваёй прамове перад папам Аляксандрам VI (1501).

У 1516 г. з ініцыятывы біскупа Віленскага Войцеха Радзівіла, капітулы і мясцовых бернардынаў распачаўся працэс беатыфікацыі каралевіча Казімера, які аднак прыпыніўся з прычыны сьмерці папы Льва X (1521), а матэрыялы, дасланыя з Вялікага Княства Літоўскага, загінулі ў 1527 г. у часе нападу на Рым нямецкага войска.

Падчас кананізацыйнага працэсу ў 1602 г., праз 118 гадоў з дня сьмерці Казімера, калі адчынілі труну каралевіча, выявілася, што нягледзячы на вялікую вільготнасьць у склепе, дзе нават цэгла наскрозь прамокла, яго цела захавалася ў непарушным стане. Кананізацыю каралевіча Казімера і літургію на ягонае сьвята ў 1604 г. зацьвердзіў папа Клімент VIII. Сінод Віленскай дыяцэзіі ў 1613 г. пастанавіў лічыць патронамі Вялікага Княства Літоўскага сьвятых Юрыя, Мікалая і Казімера, у 1636 г. гэта зацьвердзіў папа Урбан VIII. У тым жа годзе парэшткі сьвятога перанесьлі ў новую капліцу катэдральнага касьцёлу.

У XVII ст. культ сьвятога Казімера пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, у тым ліку сярод вернікаў Уніяцкай Царквы, якая ўнесла яго ў свой літургічны каляндар.

Яшчэ да Замойскага сабору сьв. Казімер трапіў ва ўніяцкія служэбнікі як мясцовашанаваны сьвяты. Літургічная служба яму мела цалкам візантыйска-славянскую традыцыю. Літаратурную прыгажосьць яе можна ўбачыць на прыкладзе тэксту з Жыровіцкага служэбніка пачатку ХVІІІ ст.: «Иже во царских красотах от мирских сладостей плотских кринъ, девства сохранивый невредим и девей Богородицы тёплым желанием и всего любовію последовавый. Церкви же ревностию ти поборникъ крепок бывавый, полская и литовская похвало. Казиміре царевичу, моли Христа Бога церкви от насилія отступник неврежденней быти и царствъ сих правовернымъ жителем спастися».

3 XVIII ст. вялікую папулярнасьць набыў віленскі фэст у гонар сьвятога каралевіча Казімера (4 сакавіка), які суправаджаўся кірмашом («Казюкі»).

11 чэрвеня 1948 г. папа Пій XII абвясьціў сьвятога Казімера нябесным заступнікам моладзі.

У 1953 г. рэліквіі сьв. Казімера былі перанесеныя ў віленскі касьцёл сьв. Пятра і Паўла, а ў 1989 г. былі зноў вернутыя ў катэдру, якую вярнулі вернікам.

На абразах сьв. Казімер прадстаўлены ў каралеўскім адзеньні з каралеўскай мітрай на галаве і з лілеяй у руках (бо галоўнай цнотай для яго была чыстасьць), альбо адлюстраваны сюжэт, калі ён стаіць на каленях перад дзьвярыма храму. Паказваюць сьв. Казімера таксама з скруткам у руках, на якім напісаныя першыя словы любімага гімну каралевіча «Omni die dic Mariae» («Кожны дзень праслаўляй Марыю»).