Быў ён другім сынам караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча і ягонай жонкі Альжбеты Аўстрыйскай….

Быў ён другім сынам караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча і ягонай жонкі Альжбеты Аўстрыйскай. Сам кароль і каралева былі надзвычай пабожнымі і давалі вельмі добры прыклад сваім дзецям. Кароль цьвёрда прытрымліваўся правілаў маралі, заўсёды стрымліваў дадзенае слова і быў справядлівым, не ўжываў алкаголю, а на пірах піў толькі ваду. Каралева вельмі шанавала Найсьвяцейшую Дзеву Марыю, уласнымі рукамі яна шыла і вышывала літургічную вопратку і абрусы на алтар, а таксама шчодра ахвяравала на храмы і манастыры. Шмат часу яна прысьвячала выхаваньню дзяцей (6 сыноў і 7 дачок). Яна клапацілася аб тым, каб дзеці атрымалі належную адукацыю, выхоўвала ў іх чуласьць да добрага і прыгожага. У той жа час каралеўскія дзеці выхоўваліся вельмі сурова.

Каралевіч Казімер атрымаў добрую рэлігійную і гуманітарную адукацыю. Сярод ягоных настаўнікаў галоўным быў гісторык, пісьменьнік і сьвятар Ян Длугаш, які пісаў пра каралевіча Казімера: «Ён быў высакародным маладым чалавекам рэдкіх здольнасьцяў, розуму і выключнай памяці». Яго выхоўвалі як будучага караля вугорскага, бо ягоная маці была адзінай законнай спадчыньніцай чэшскага і вугорскага пасадаў. Аднак у 1471 г., калі яго старэйшы брат Уладзіслаў стаў каралём Чэхіі, а яго запрасілі на пасад у Вугоршчыну, каб пазьбегнуць братазабойчай вайны паміж рознымі партыямі, ён адмовіўся ад прэтэнзіяў на карону.

У 1472 г. каралевіч разам з усёй сям’ёй зьдзейсьніў пілігрымку на Ясную Гару, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Чанстахоўскай склаў зарокі вечнай чыстасьці.

Прыродныя здольнасьці, набытая ўсебаковая адукацыя з веданьнем розных моваў, здольнасьць яднаць людзей — усе гэтыя якасьці спрыялі таму, што маладога каралевіча паступова прыцягвалі да ўдзелу ў вырашэньні справаў па кіраваньні краінай. Яго бацька, кароль Казімер ІV Ягелончык, бачыў у ім свайго наступніка, спадкаемцу польскага і вялікалітоўскага пасаду. З гэтага часу каралевіч часта наведваў Вільню. Малады Казімер не цураўся ўлады, але хацеў напоўніць яе духам Евангельля.

Ён вызначаўся асаблівай чысьцінёю духа і міласэрнасьцю, быў шчырым ушанавальнікам Еўхарыстыі і Найсьвяцейшай Багародзіцы. Доўгія гадзіны ўдзень і ўначы каралевіч Казімер праводзіў у малітве, стоячы на каленях нават перад зачыненымі дзьвярыма сьвятыні. Патаемна ад усіх практыкаваў цялесныя пакуты: апранаў валасяніцу і спаў на голай зямлі.

Калі яго настаўнік Ян Длугаш запытаў, што прыносіць яму самую вялікую асалоду, той адказаў: «Малітва ў касьцёле пры алтары, дзе я хацеў бы заставацца як мага даўжэй». Для сьв. Казімера гэта было больш прыемным, чым паляваньне, танцы ці іншыя забавы, характэрныя для таго часу.

Але пра веру маладога ўладара найбольш сьведчылі яго ўчынкі ў дачыненьні да бліжніх. Кіруючыся любоўю да бліжняга, ён ахвотна ішоў да бедных, раздаваў ім свае асабістыя зьберажэньні, бараніў іх і заўсёды заступаўся за іх. Ня зносіў лісьліўцаў і каб пры ім знаходзіліся махляры альбо кар’ерысты. Калі яму зрабілі заўвагу, што ён, каралевіч, не павінен прыніжаць сябе да таго, каб служыць убогім, ён адказаў, што ня можа ўчыніць нічога больш прыстойнага, як толькі служыць самому Хрысту ў жабраках. Гісторыкі пісалі пра каралевіча Казімера, што «ўдовы называлі яго сваім апекуном, сіроты — бацькам, а няшчасныя – суцяшальнікам».

Каралевіч Казімер умеў спалучаць дзяржаўныя абавязкі з глыбокім і насычаным духоўным жыцьцём. Паказаў сябе справядлівым уладаром, разважлівым і прадбачлівым кіраўніком, які клапоціцца пра бедных.

У 1475—1476 гг. (разам з бацькам) і 1479—1481 гг. знаходзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Па выкрыцьці змовы ў 1481 г. і ад’езьдзе Казімера Ягайлавіча ў Вялікае Княства, зрабіўся каралеўскім намесьнікам у Кароне. Таго ж году праз зарок цнатлівасьці адмовіўся ад шлюбу з дачкой імператара Фрыдрыха III. Увесну 1483 г. бацька выклікаў Казімера ў Вільню, дзе той пачаў выконваць функцыі падканцлера кароннага. У Вільні вызначыўся клопатамі пра патрэбы месьцічаў і апекай над храмамі.