Часта можна пачуць, што Біблія — галоўная кніга хрысціян. Аднак Біблія — гэта не адна кніга, а цэла…
У Старым Запавеце гаворыцца пра гісторыю духоўных пошукаў чалавецтва да нараджэння Ісуса Хрыста. Яго кнігі змяшчаюць апавяданні пра стварэнне Богам свету, пра з’яўленне ў свеце зла, пра тое, як людзі шукалі Бога і знаходзілі Яго. У ім ёсць гістарычныя летапісы, выслоўі мудрацоў і прароцтвы пра тое, што некалі Бог Сам з’явіцца да людзей, каб дапамагчы ім.
Новы Запавет расказвае пра прыход у свет абяцанага Богам Месіі-Збавіцеля — Ісуса Хрыста, чаканнем Якога прасякнуты старонкі Старога Запавету. Новы Запавет уключае ў сябе чатыры Евангеллі (гэта слова ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае «добрая вестка»). У іх расказваецца пра нараджэнне, жыццё, вучэнне, смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста. За імі ідзе кніга «Дзеянні апосталаў» (слова «апостал» значыць «пасланнік»; так называлі першых вучняў Ісуса Хрыста) і некалькі пасланняў — лістоў, напісаных апосталам Паўлам і іншымі апосталамі. У гэтых лістах гаворыцца пра тое, як змяніліся адносіны паміж Богам і чалавекам з прыходам у свет Месіі.
Стары Запавет быў напісаны ў асноўным на старажытнаяўрэйскай мове, з невялікімі ўстаўкамі на арамейскай. Мова Новага Запавету — старажытнагрэчаская. Сёння Біблія (цалкам або часткова) перакладзена больш чым на 3300 моў.