Два сьветачы зазьзялі на ўвесь сьвет, Ільля і Елісей. Першы з іх словам сваім зачыніў дождж з неба, выкрыў крывадушнасьць цара і на калясьніцы ўзьнёсься на неба. Другі аздаравіў бясплодныя воды і, атрымаўшы падвойную ласку, разьдзяліў воды Ярданскія. Цяпер абодва яны прабываюць з анёламі і моляцца за збаўленьне душ нашых.
Быццам моцным ветрам ты, Ільля Тэсьбіцянін, быў узьняты на вогненнай калясьніцы да неба; Бог даў табе палымяную ласку цудаў і ўчыніў цябе нятленным, ня даўшы табе бачыць сьмерці, пакуль не прадскажаш канца ўсім. Дык прыйдзі цяпер, даючы нам перасьцярогу тваімі навучаньнямі.