Несці мірМір – гэта не проста адсутнасць вайны, не толькі стан раўнавагі супярэчных сіл. Мір не нара…

Несці мір

Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, не толькі стан раўнавагі супярэчных сіл. Мір не нараджаецца з дэспатычнага дамінавання, але слушна і трапна ён названы «справай справядлівасці» (Іс 32, 17). Ён з’яўляецца плёнам парадку, дадзенага чалавечаму грамадству яго Боскім заснавальнікам; дзеля яго ажыццяўлення павінны працаваць людзі, якія прагнуць усё больш дасканалай справядлівасці. Хоць агульным дабром чалавецтва па сутнасці кіруе найперш спрадвечны закон, тым не менш, у сваіх канкрэтных выяўленнях яно з цягам часу няспынна змяняецца, таму мір немагчыма дасягнуць раз і назаўсёды, а трэба пастаянна будаваць. Акрамя таго, паколькі чалавечая воля зменлівая і зраненая грахом, клопат пра мір патрабуе ад кожнага чалавека няспыннага ўтаймавання прагненняў, а ад правамоцнай улады – пільнасці.

Аднак і гэтага недастаткова. Такога міру на зямлі нельга дасягнуць, калі не будзе забяспечана дабро асобы і калі людзі не будуць з даверам і добраахвотна дзяліцца паміж сабой багаццямі свайго розуму і духу. Для будавання міру неабходна цвёрдае жаданне паважаць іншых людзей, народы і іх годнасць, а таксама руплівае практыкаванне братэрства. Таму мір з’яўляецца таксама плёнам любові, якая значна пераўзыходзіць тое, што можа даць справядлівасць.

Зямны мір, які ўзнікае з любові да бліжняга, – гэта вобраз і вынік Хрыстовага міру, які паходзіць ад Бога Айца. Сам уцелаўлёны Сын, Князь міру, праз Свой крыж прымірыў усіх людзей з Богам, а вяртаючы ўсім еднасць у адным Народзе і ў адным Целе, забіў нянавісць у Сваім целе і, узвышаны праз уваскрасенне, спаслаў Духа любові ў чалавечыя сэрцы.

Таму да хрысціянаў скіраваны настойлівы заклік, каб «робячы праўду ў любові» (Эф 4, 15), яны ядналіся з сапраўды мірна настроенымі людзьмі, каб у малітвах выпрасіць і аднавіць мір.

Пастырская канстытуцыя пра Царкву ў сучасным свеце «Gaudium et spes» ІІ Ватыканскага Сабору, 78