У нашых пошуках Бога мы таксама рана ці позна сутыкнемся з таямніцай, якую аднымі чалавечымі намаганнямі мы ніколі не зможам ні зразумець, ні спасцігнуць. Пазнанне гэтай таямніцы будзе даравана нам як чысты незаслужаны дар Нябеснага Айца, да якога мы можам толькі набліжацца і пра які можам і павінны пакорна прасіць, кажучы словамі літургічнай малітвы:
Малітва. Запалі ў сэрцах нашых, чалавекалюбны Ўладару, нязгаснае святло Твайго богапазнання, і адчыні вочы нашага розуму, каб нам зразумець Тваё евангельскае прапаведаванне. Укладзі ў сэрцы нашы страх Тваіх блаславёных прыказанняў, каб мы, перамогшы ўсе цялесныя пажаданні, маглі жыць духоўным жыццём, думаючы і робячы ўсё, што прыемна Табе. Бо Ты – светласць душ і целаў нашых, Хрысце Божа, і Табе славу аддаем разам з Тваім адвечным Айцом і з усесвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ул. Багдан Дзюрах