ГрадыУ пяцёх выйшлі на задачу. Тыя, хто не сутыкаўся з ваеннымі дзеяннямі, лічаць, што баявыя задачы…

Грады

У пяцёх выйшлі на задачу. Тыя, хто не сутыкаўся з ваеннымі дзеяннямі, лічаць, што баявыя задачы – гэта тысячы людзей, танкаў, самалётаў і ўвогуле ўсё выглядае, як у кіно. Але мэты аперацый бываюць розныя. Выведвальныя групы, як наша, не бываюць больш за восем-дзесяць чалавек.
Даведаўшыся, дзе знаходзяцца пазіцыі акупантаў, сталі вяртацца назад. Пачало хутка цямнець. На шчасце мы заўважылі недалёка ад пасадкі хатку пчаляра. Вырашылі пераначаваць у ёй. Наогул месца было прыгожае: пасадка, яблыневы сад, пчаліныя вулеі… Калі б не вайна – выдатнае месца для адпачынку.
У пяць гадзін раніцы па ўсёй лініі фронту пачаўся абстрэл градамі. Мы ўскочылі маментальна, таму што хатка хісталася і падскоквала з боку ў бок. Прынялі рашэнне перабягаць у іншую лесапасадку.
Выбеглі і адразу зразумелі, што пакеты градаў кладуцца ўсё бліжэй і бліжэй да нас. Бах! Бах! Бах! Азірнуўся – хаткі пчаляра няма. Бах! Бах! Бах! Вулеі ў трэскі. Вось тут з’явілася ўсё ж адчуванне, што мы ў кіно ці ў ва сне… Грады накрывалі, здавалася, усё і з усіх бакоў. Мы заўважылі ў полі невялікія спрасаваныя стажкі сена. Не задумваючыся, сталі перабягаць ад аднаго стажка да другога. Бах! Бах! Бах! Яблыневы сад увесь у дыме. У гэты момант мозг пачаў працаваць вельмі цікава. Нам здавалася, што вось гэтае самае сена зможа спыніць аскепкі ад граду! Дурасць поўная, але ў той момант гэтыя думкі выратавалі нам жыццё. Дзякуючы гэтай надзеі мы не заляглі на месцы, не ўпалі ў яму і не засталіся ў хатцы, якую разбамбіла. Дзякуючы гэтай надзеі – што сена (звычайнае сена!) зможа выратаваць нас ад смерці – мы рухаліся.
У выніку мы здолелі адбегчы ў іншы бок ад месца, куды акупанты клалі пачкамі свае снарады і застацца жывымі.
Давярайце ў крытычных сітуацыях свайму мозгу ці інтуіцыі, я не ведаю як гэта правільна назваць…
Магчыма і вам гэта калі-небудзь выратуе жыццё.

Twitter | YouTube | TikTok | Instagram | Krama | Facebook |