Частка 18
Вайна – гэта радасць ад звычайных у мірны час рэчаў.
Мы набіліся ў нейкі прыватны дом з выбітымі шыбамі і перакошанымі дзвярыма. Да нашай канчатковай кропкі, сяла Мурахівка, было яшчэ некалькі кіламетраў. Мне вельмі хацелася туды трапіць і, нарэшце, выспацца на ўтульным карэмаце на сухім і чыстым пяску падвала.
“Брэст” прапаноўваў заначаваць у Вялікім Артакове альбо пачакаць украінскую БМП, якая па чарзе адвязе нас у Мурахівку.
У выніку яшчэ каля гадзіны мы чакалі ў доме. І пайшлі ўсе ж такі пешку ў начы. Увесь гэты час амаль без перапынку недзе ў паветры над намі праляталі снарады і разрываліся то адносна побач, то вельмі далека.
Але да гэтага, апошняга падчас той аперацыі перахода, мне вельмі хацелася піць. Я ўспомніў, нарэшце, што амаль содні нічога не еў.
Я з яшчэ дзвюма хлопцамі, “Д..” і яшчэ кімсьці, зайшлі ў нейкі прыватны двор у пошуках калодзежа з вадой.
Калодзежа не аказалася. Я пагрукаў у дзверы. Ніхто не адчыніў. Хаця, відавочна, людзі тут жылі.
На двары стаяла адкрытая веранда з белай цэглы. У ей вады таксама не аказалася.
Але на стале мы знайшлі касетніцу з курынымі яйкамі. Я выпіў 6 з іх сырымі. І гэта вельмі сцішыла смагу і голад. Грошай у мяне з сабой не было. І адзінае што я змог прыдумаць у той сітуацыі, каб хоць неяк кампенсаваць гаспадарам гэтыя 6 яек – я ўспомніў, што перад выхадам на аперацыю “Ж..” даў мне дымавую шашку двухбаковую з белым і чырвоным дымам. Ен сказаў, што такая шашка каштуе 15 еўра. Я проста… пакінуў тую шашку за 15 еўра на стале замест 6 яек. Наўрадці яна была патрэбна гаспадарам, але што было.
Праз гадзіну мы ў пешым парадку выйшлі ў Мурахіўку, дзе быў самы ўтульны падвал ва ўсім свеце. У ім можна было б нарэшце паспаць.
Па дарозе я камусьці з нашых хлопцаў сказаў, што мы ўжо двое содняў на нагах і не спалі. Мяне паправілі – толькі адныя содні прайшлі. І я зразумеў, што ен мае рацыю – прайшло каля 25 гадзін. Але за гэтыя 25 гадзін адбылося столькі новых насычаных і, часам, экстрэмальных падзей, што мой мозг проста не мог даць веры ў тое, што ўсе гэта адбылося за адныя содні.
Мы вярталіся па начной дарозе. Самая вялікая мая мара ў той момант была пасля вяртання досыць напіцца вады, а потым, чамусьці, выпіць “кока-колы”. Вада і “кока-кола” здаваліся на той момант самымі каштоўнымі рэчамі на зямлі.
Мы звярнулі ў Мурахіўку. Там быў наш падвал. Ісці заставалася метраў 500. Сзаду ўжо равела украінская БМП, якая ўсе ж такі прыехала нас перавезці, хоць і позна. Хтосьці з хлопцаў апошні кіламетр праехаў на ей.
На дарозе каля дома з нашым падвалам стаялі “У..” і “Север”. Яны сустракалі нас і запісвалі пазыўныя тых, хто вяртаўся з аперацыі. Мы абняліся. Чамусьці пасля баявой аперацыі гэта заўседы адбываецца само сабой, натуральна.
Зайшлі ў наш будынак. Тут ужо абдымкі пайшлі з нашымі сувязістамі і ўсімі, хто чакаў нашага вяртання. Я запытаўся вады і пацікавіўся ці есьць кола. “З..” сказаў: “Піва хочаш?” Неведаю адкуль яно ўзялося, але я кіўнуў. Такога смачнага піва я не піў ніколі – яно, каларыйнае, замяніла ў той момант і ваду і ежу. Тым больш я ўжо не памятаў калі апошні раз ужываў алкаголь.
Нейкі час мы яшчэ дзяліліся ўражаннямі ад бою. Цемра пачала знікаць. Пачынаўся світанак і я пайшоў спаць.
Паспаць атрымалася толькі пару гадзін. З самага ранку мы выехалі на сваю базу ў Мікалаеў. Мы ўсе без выключэння хадзілі як старыя – моцна балелі ад перанагрузкі падчас баявой аперацыі ўсе мышцы на нагах.