Частка 19
Вайна – гэта гісторыі, якія мы будзем расказваць сваім унукам.
Бой за сяло Лазавое на межах Мікалаеўскай і Херсонскай вабласцей у кожнага з нас, яго ўдзельнікаў, пакінуў масу разнастайных уражанняў.
Дзесьці яны супадаюць, дзесьці зусім розныя. Кожны з нашых хлопцаў апіша тыя падзеі з кропкі бачання іх на сваім месцы ў той баявой аперацыі. З кропкі гледжання сваіх эмоцый і асабістых перажыванняў.
Так, напрыклад, калі для мяне самым складаным момантам аперацыі была эвакуацыя параненага ўкраінскага афіцэра, то “Папік” расказваў пра пераправу праз раку пад варожым абстрэлам. Я чуў, што па хлопцам працавалі не толькі мінаметы але і “Град”, калі яны не памыліліся.
“Папік” быў адным з трох хлопцаў, што неслі мае рэчы (ніхто не данес), якія я скінуў перад тым як пайсьці на пошукі параненага. І ен расказваў, што да апошняга, стомлены за содні баявой аперацыі без адпачынку, намагаўся данесьці нейкую маю рэч. І ўжо ў самой рацэ пад абстрэлам, прыкладаючы ўсю сілу волі, каб данесьці маю рэч (здаецца гэта быў падствольны гранатамет) ен зразумеў: “Альбо я сам не выйду з гэтай ракі і пляснуся ў яе без сіл, альбо трэба скідаць”. І ен выкінуў.
Тое самае мне расказваў і “Б..”. Ен, здаецца, нес заплечнік “Брэста”, які я перадаў яму. “Брэст” яшчэ потым вельмі шкадаваў яго – шмат праз якія выпрабаванні прайшоў з ім той ягоны заплечнік. Але і “Б..” не данес. Гэта наш “Б..” які паказваў лепшыя вынікі па копцы акопаў у пазіцыі лежачы на занятках “МММ” у Кіеве. “Б..” пра якога мы шуткавалі, што покуль мы выкапалі сабе адзіночны акоп ля мінаметчыкаў, ен сабе выкапаў бліндаж і, дай яму яшчэ гадзіну, абсталяваўся б у ім лепш чым у кватэры.
“Лысы” раскажа вам пра абстрэл пазіцый мінаметчыкаў рускімі верталетамі. Пра тое, як размаўлялі з хлопцамі быццам у апошні раз, не спадзяючыся, што дажывуць да раніцы.
“Ваўкалак” пра пераслед расейскага жаўнера і пра блізкі разрыў міны.
“Тор” пра штурм сяла і неімавернае жаданне “Г..” спаць падчас танкавых разрываў побач з імі.
“Марс” пра чаканне таго, што пад абстрэламі будзе страшна. Але ен не мог падумаць, што так моцна! Пры гэтым ен працягнуў і надалей удзельнічаць у баявых аперацыях.
“К..” пра тое як апынуўся сярод украінскай выведкі і падчас бою знаходзіўся з імі.
“Бобр” пра сваю першую кантузію (я пра яе даведаўся толькі нядаўна).