МЕРТВАЯ БАБКА І ЖАНЧЫНА З САБАКАМЧастка 2Зразумеўшы, што справа ў сабацы, я перастаў звяртаць увагу …

МЕРТВАЯ БАБКА І ЖАНЧЫНА З САБАКАМ

Частка 2

Зразумеўшы, што справа ў сабацы, я перастаў звяртаць увагу на тую жанчыну і пайшоў да цела, што ляжала на зямлі.

Гэта была бабуля, на выгляд, гадоў каля 80-ці. Яна ляжала тварам уверх. Рукі былі складзены на жываце. Крыві і варонкі ад міны я не заўважыў. Ці проста не звярнуў увагі – углядаўся ў бабку, спрабуючы высветліць, не дакранаючыся, ці насамрэч яна загінула.

Бачна было, што бабка ў маладосьці была вельмі прыгожая. Акуратна апранутая з памадай на губах яна ляжала на асфальце не падаваючы прыкметаў жыцця. Грудзі не ўздымаліся ад дыхання, пальцы рук былі пажаўцелыя.

Тая жанчына з сабакам сказала нам, што бабку забіла яшчэ раніцай.

Я вярнуўся да машыны. Сталі разварочвацца. І ў гэты момант жанчына з сабакам спыніла тры машыны ЗСУ, што праязджалі міма. Тыя спыніліся, утварыўшы пробку на дарозе, якая перыядычна абстрэльвалася. Жанчына ўсіх прасіла падвезці сабаку ў будынак нейкага ўніверсітэта і паскардзілася на нас, што мы ёй адмовілі. Яе паводзіны больш нагадвалі паводзіны алкагалічкі пасля ўжытага напярэдадні спіртнога.

Мы фактычна застралі, стаўшы поперак дарогі. Тады я выйшаў  з машыны, падыйшоў да жанчыны і на эмоцыях сказаў:

– Зараз я застрэлю вашага сабаку, каб вы менш за яго клапаціліся!

Жанчына трохі супакоілася. Аўто раз’ехаліся і мы, нарэшце, змаглі развярнуцца і паехалі далей.

Дзіўнае ўражанне ў мяне выклікаў гэты кантраст: забітая бабка і алкагалічка, якая ў 70 метрах ад цела спрабавала зрушыць з месца непаслухмянага сабаку.

Людзі прывыкаюць да смерці на вайне. Адносяцца да яе па-іншаму, не так, як у мірным жыцці. Смерць становіцца нечым звычайным.