Частка 1
Пачатак студзеня, 2023-га. Бахмут.
Ідзем з прэс-службай палка ў заходняй частцы Бахмута. У мяне гоў-прошка “О..” на шаломе. Праходжу міма крамы. Ля яе стаіць жанчына сярэдніх гадоў.
Кажу “прывітанне” і іду далей. І чую нешта дзіўнае, да канца незразумелае, ў адказ. Мне падалося, што я не так пачуў. Вяртаюся.
Пачынаю здалёк: – “Працуе крама?”. Яна не разумее слова “крама” і я кажу яго па-расейску – “магазин”.
Крама працавала. Слова за слова і чую тое дзіўнае, што мне, насамрэч, не здалося:
– Гэта ўкраінцы абстрэльваюць Бахмут.
– Што? А навошта ім гэта? У чым логіка? – пытаю ў яе я.
– Не ведаю, – адказвае жанчына. Да яе падыйшлі яшчэ дзве.
– Дык мо, калі няма логікі, то гэта не так?
– Я палітыкай не цікаўлюся!
– Дык палітыка прыйшла ў ваш дом разам з “рускім светам”!
– Я рускіх не бачыла, – адказала мне жанчына. Мы размаўлялі ў трох кілометрах ад лініі фронту.