БАХМУТ НЕ АДПУСКАЕ.11 СТУДЗЕНЯ. ТАНКЧастка 3На пошук пазіцыі для Мілана мы выехалі на нашым пікапе ў…

БАХМУТ НЕ АДПУСКАЕ.
11 СТУДЗЕНЯ. ТАНК
Частка 3

На пошук пазіцыі для Мілана мы выехалі на нашым пікапе ўпяцера: Я, Ваяр, О.. і два ўкраінскіх вайскоўца – нашы правадыры.

Даехалі без прыгод. Машыну пакінулі пад дрэвам ля аднаго з прыватных дамоў. Адлегласьць ад яе да нашай будучай пазіцыі складала, як потым высветлілася, каля 300 метраў.

Шарэла. Нам тэрмінова трэба было знайсьці пазіцыю – у цемры, без спецыяльнага цеплавізара для Мілана, мы не ўбачым цэль і не зможам адпрацаваць па танку.

Зачынілі аўто і пайшлі толькі з аўтаматамі на пошукі пазіцыі.

Насустрач нам праехаў на ровары мясцовы жыхар – мужчына гадоў за 50-т. Па таму з якім каменным тварым і не вітаючыся ен праехаў я адразу для сябе зрабіў выснову пра яго: ЖДУН.

Ждун – гэта, ў маім паняцці, грамадзянін краіны, які пасіўна чакае рускі свет, спадзяючыся, што замежная расейская ўлада зробіць ягонае жыцце лепш, чым пры нацыянальнай уладзе. Яны, як правіла, няшкодны, бо не здольны на нейкае дзеянне. Хочуць каб нехта ўсе зрабіў за іх – прагнаў ЗСУ са сваіх жа зямель, намазаў маслам хлеб ды паклаў у рот. Такія звычайна гавораць штампамі, якія чуюць з перадач Скабеевай, Салаўева, ды іншай акупацыйнай нечысьці.

На Т-абразным скрыжаванні вуліцы прыватнага сектара мы павярнулі налева. Праз пару дамоў пачыналася адкрытая мясцовасьць, якую справа і часткова сперадзі перасякаў глыбокі яр.

Грунтовая дарога, што вяла да пажаркі, ішла прама і праз некалькі сот метраў наперадзе, небачна для нас, паварочвала направа ўбок “пажаркі”. Дзесьці на крутым адхіле яру на тым павароце знаходзіўся наш танк.

Нас 5 чалавек перайшлі вуліцу.

Мінулі крайні з таго боку дом. Сталі па некранутаму снегу прадзірацца праз маладую порасль з дрэўцаў.

Гэта была наша першая выведка мэта якой была знайсьці зручную пазіцыю для працы Мілана. Нашыя украінскія праваднікі ішлі наперадзе. Ад іх мы даведаліся падрабязнасьці.

Учора камандзір экіпажа застраўшага танка спрабаваў дабрацца да яго і паспрабаваць выехаць з яра. Але рускія зрабілі засаду і камандзір загінуў. Акупанты напісалі фарбай на танку слова “ВАГНЕР”.

Хутчэй за ўсе рускія сядзелі ў засадзе ля танка і зараз. Па іншы ад яго бок дарогі быў пералесаку якім можна было схавацца і заставацца незаўважаным для нашых дронаў.

– Танк уже пробовали уничтожить со 120-х минометов, но не нанесли ему значительных повреждений. Он будто заколдованный, – усе гэта мы пачулі ад украінскіх праваднікоў.

Калі доўга не распісваць, то наша першая выведка не прынесла чакаемых вынікаў. Мы не тое што не знайшлі пазіцыю, але нават не змаглі з-за ўзгоркаў пабачыць сам танк. Ен заставаўся небачным для нас, хаця стаяў на адлегласьці меншай за 300 метраў.

Адзін з украінцаў перасек асфальтавую дарогу, якая вяла ў нікуды, і пачаў спускацца ў яр. Але падыйсьці ярам таксама не атрымалася – яму па рацыі перадалі, што там замінавана.

У нейкі момант мы пачулі над сабой гукі дрона. Чый гэта дрон мы не ведалі. На вайне есьць правіла: “калі не ведаеш чый дрон, лічы яго варожым”. Але хавацца ўсе-роўна не было куды. Радавала тое, што варожая артылерыя па нам не пачала працаваць, то, мусіць, дрон усе ж такі быў наш (так і аказалася).

Мы зайшлі ў двор дома-мазанкі, які знаходзіўся праз 2-3 дома ад краю вуліцы. Там “трымалі абарону” трое ці чацвера ўкраінцаў.

Нейкі час мы чакалі ў доме. А нашыя ўкраінскія праваднікі нешта ўдакладнялі па рацыі.

Яшчэ хвілін 30-40 і будзе цемна. Трэба было спяшацца, калі мы хацелі адпрацаваць па танку.