БАХМУТ НЕ АДПУСКАЕ.11 СТУДЗЕНЯ. ТАНКЧастка 6Мы вярнуліся да нашых хлопцаў.- Будзем працаваць! – сказ…

БАХМУТ НЕ АДПУСКАЕ.
11 СТУДЗЕНЯ. ТАНК
Частка 6

Мы вярнуліся да нашых хлопцаў.
– Будзем працаваць! – сказаў я і мы пайшлі да пікапа за Міланам і ракетамі.

– Хто будзе страляць? – запыталі мы адзін у аднаго з Ваяром.
– Давай, Кусь, ты. У тебя больше практики по работе с ним, – прапанаваў Ваяр.
– Добра. Давай так: я раблю першы стрэл. Калі нешта пойдзе не так – зараджаем новую ракету і другі стрэл робіш ты, – дамовіліся мы.

Хлопец з ЗСУ запрасіў па рацыі аб агнявой падтрымцы нашай працы: калі перад стрэлам альбо пасля яго рускія адкрыюць па нам агонь – іх агнявыя кропкі будуць падаўляць мінаметы ЗСУ. Але гэта не дакладна (як і ўсе на вайне).

О.. нес усталеўку Мілана, я – трыногі, Ваяр – дзве ракеты.
Дайшлі да пазіцыі. Усталявалі Мілан. О.. і хлопец з ЗСУ стаялі ззаду. Мы сказалі ім адыйсьці ў бок, каб падчас стрэла іх не пашкодзіла рэактыўная струя з адлятаючым назад тубусам ракеты.

Веткі невялікага дрэўца, што знаходзілася непадалеку, перакрывалі лінію агня. Я пайшоў да іх і прыбраў у бок. Яны, па нейкай прычыне, былі ўжо адламаныя (ці то чалавекам, ці то аскепкамі) і проста ляжалі на ствале дрэва. Ваяр у гэты час пачаў адыходзіць да О.. і ўкраінскага жаўнера.

Я вярнуўся да Мілана. Азірнуўся назад, каб упэўніцца, што за Міланам нікога няма, і пачаў наводзіцца на танк. Праз прыцэл было бачна горш чым вачыма – светаперадача ў сумерках адрознівалася ад таго, што мы бачым вачыма. Яшчэ трошкі і я не змагу разгледзець танк праз яго.

Газавая труба праходзіла якраз па верхняй кромцы астова танка. Па правілам стральбы з Мілана мне трэба было браць трохі вышэй кропкі ў якую я хацеў патрапіць – “апускаць” ракету падчас палету лягчэй, чым “падымаць” яе. Ракета будзе ляцець не па прамой лініі, а быццам бы па спіралі. І чым далей ад кропкі вылету, тым менш радыюс спіралі яе палету. Я навеўся пад самы ніз газавай трубы, хаця хацелася ўзяць трошкі вышэй. Але гэта было немагчыма – дрот мог зачапіцца за гэту перашкоду і абарвацца. Тады ракета страціць кіраванне.

Аддачы пры выляце ракеты амаль няма, але ўсе-роўна ўсталеўка нязначна тузаецца і прыцэл трошкі збіваецца. Ракета вылятае з шумам значна ніжэйшым, чым пры стрэле з сапага. Таму я не выкарыстоўваў навушнікі. Пасля стрэлу ракету трэба суправаджаць, карэктуючы яе палет праз прыцэл – інфармацыя куды ляцець перадаецца ей праз тонкі металлевы дрот, што разматваецца і цягнецца за ракетай да самой цэлі на працягу ўсяго палета ракеты.

– Кусь, дай команду, когда будешь стрелять! – крыкнуў Ваяр.

Башня танка з такой блізкай адлегласьці амаль цалкам перакрывала акуляр 7-мікратнага прыцэла – я навеўся на яе верхнюю частку.