* Бахмут не адпускае. Джып, які ледзь завёўся *12 студзеня 2023-га, вечар. Мы вярнуліся на базу. Зна…

* Бахмут не адпускае. Джып, які ледзь завёўся *

12 студзеня 2023-га, вечар. Мы вярнуліся на базу. Знайшлося аўто, на якім мы маглі выехаць – джып Міцубісі Паджэра, калі не памыляюся.

Можна, канешне, было пачакаць да раніцы. Але я, ведаючы, што ратацыя будзе 10 студзеня спланаваў на 13 студзеня свой візіт да стаматолага ў Кіеве. Гэта была пятніца і, калі не паспець, то два выходных дні будуць кату пад хвост. А тэрмін адпачынку ў Кіеве абмежаваны 7 днямі без узгаднення яго павялічэння з камандзірам. Ды і, насамрэч, не падабаецца мне, калі на роўным месцы запланаванае адкладаецца.

Карацей, было вялікае неперадавальнае жаданне насуперак усім перашкодам ратыравацца.

За крыху больш чым 2 тыдні мы ўсе стаміліся так, як не стамляліся потым у самым нашым эфектыўным (са слоў камандзіра) месяцы – калі мы весь люты правялі на задачах у Бахмуце і яго ваколіцах…

Загрузілі пад завязку свае рэчы ў джып. Засталося якраз месца для траіх.

Сцямнела. Мы выйшлі ў вялікі крыты гараж. Селі ў аўто. Ваяр за рулём. Машына не заводзілася – моцны мароз і рухавік на салярцы былі таму прычынай.

У гэты момант побач з намі аказаўся Ігар Кабанчук, які праважаў К.. – той чакаў транспарт.

Даведаўшыся, што мы выязжаем зараз, ён папрасіўся з намі. Мне здаецца, ён аб гэтым потым не раз пашкадаваў, але, усе ж такі, праз час будзе ўспамінаць той вечар і ноч як цікавую прыгоду.

Мы пацясніліся. Б.. і К.. селі на заднім сядзенні ўдваіх сярод рэчаў. А Ігар Кабанчук узяўся дапамагчы завесьці аўто. Звычайным чынам гэта не атрымалася.

Тады мы выкацілі джып з гаража. Не ўключаючы святло фар, сталі яго таўкаць па двары і ў нейкі момант джып здаўся – ягоны рухавік завёўся. Мы паехалі!

У Часовым Яры, праз які ішла адзіная дарога на Бахмут, мы звярнулі ў цемры не ў той паварот. Развярнуліся. Праехалі мост, дарогу ля якога знішчыць расейскай ракетай у пачатку траўня.

Печка не працавала. Акно ўвесь час замярзала зноў і зноў. Мы ледзь паспявалі праціраць яго тактычнай пярчаткай ад наледзі, каб бачыць хоць часткова дарогу. Ехалі з абзорам нібы ў танку.

К.. прапанаваў заехаць да яго знаёмых вайскоўцаў у Канстанцінаўцы, каб тыя адрамантавалі печку. Мы не хацелі губляць на гэта час і ехалі як ёсьць. Толькі на сярэдзіне дарогі я чарговы раз нешта зноў паперыключыў і печка, нейкім цудам, запрацавала.

Шкло стала пакрысе адтайваць і праз колькі гадзін мы трапілі на нашу прыфрантавую базу.

Канчатковая мэта – Кіеў, была яшчэ далёка наперадзе ў ночы язды ад нас.