* Цецеравец. Якой убачылі веску чырвонаармейцы ў верасні 1939-га *17 верасня 1939-га года сапог жаўн…

* Цецеравец. Якой убачылі веску чырвонаармейцы ў верасні 1939-га *

17 верасня 1939-га года сапог жаўнера Чырвонай арміі ступіў на землю Заходняй Беларусі. Прыкладна 19 верасня чырвонаармецы зайшлі ў Цецеравец, што ў 5 км ад Моўчадзі.

Майму дзеду Мішы на той момант толькі споўнілася 6 гадоў. Ен расказваў мне якімі запомніліся яму чырвонаармейцы.

Абарваныя, хіба што не ў лапцях яны былі вельмі здзіўлены ўзроўнем жыцця ў невялікай весачцы Заходняй Беларусі, “эксплуатуемай польскімі панамі”. Настолькі ашаламляльна была для іх розніца паміж больш сціплымі ўмовамі жыцця на іх роднай Смаленшчыне (яны былі адтуль) і тым, што яны ўбачылі тут на ўласныя вочы.

Тое ж і наконт жыхароў вескі Цецеравец – яны былі непрыемна здзіўлены выглядам неахайна апранутых недагледжаных чырвонаармейцаў.

Калі калона мінала двор майго прадзеда, то ў хляву заіржэў конь. Ен пачуў сваіх суродзічаў на якіх ехаў хтосьці з чырвонаармейцаў. Калона спынілася.

Камандзір патрабаваў адкрыць хлеў, каб рэквізаваць каня на патрэбы Чырвонай Арміі. Мой прадзед “не змог адшукаць” ключ. Замок ці то адстралілі, ці то збілі прыкладам вінтоўкі і адабраны конь рушыў далей на захад разам з чырвонаармейцамі.

– Зарэж свінню, – параіў майму прадзеду камандзір (ці гэты, ці іншы – дакладна ўжо не скажу). – Пасля нас прыйдуць тылавыя часткі і адбяруць яе. А так хоць сям’ю накорміш.

Прадзед паслухаўся параду і, я мяркую, што не пашкадаваў аб гэтым.