* Бой пад Гуляй Поле. Акопы * (аповед 3)Калі мы прышлі на месца, пайшоў дождж.Каб не прамокнуць, мы …

* Бой пад Гуляй Поле. Акопы * (аповед 3)

Калі мы прышлі на месца, пайшоў дождж.

Каб не прамокнуць, мы пахаваліся пад кусты, накрыўшы іх сваімі дажджавікамі. Гэта была шэрая зона. Руская выведка магла апынуцца за суседнім кустом, але бліжэйшая пасадка ў якой, мы меркавалі, яны маглі б адчуваюць сябе больш-менш утульна, знаходзілася метрах у 500.

Дождж яшчэ не сціх, а наш разлік пачаў капаць двайны акоп для начоўкі і на выпадак артабстрэлаў. Месца копкі зверху прыкрылі ад варожых дронаў дажджавікамі. Амуніцыю і зброю схавалі пад зяленкай.

У нас было дзве рыдлеўкі. К(арнэт) не браў. Б(рага) узяў вельмі цікавую, але, на дзіва, карысную рыдлеўку-матыгу, якой мы секлі карэнне і рыхлілі даволі шчыльную і непадатлівую зямлю.

Я ўзяў маленькую саперную рыдлеўку, каб менш несьці на сабе. Яе я знайшоў яшчэ ў чэрвені ля пераправы з Лісічанску ў Севераданецк. Тады мы з “Папікам” капалі акоп на берагу ракі Северскі Данец. І тая рыдлеўка была кімсьці з ЗСУ-шнікаў ці то пакінута, ці то забыта на беразе побач з акрываўленай бронекамізэлькай. Перад вяртаннем у Вільню, я аддаў тую рыдлеўку “Папіку” на распалазе ў Кіеве. А калі вярнуўся за два тыдні да гэтага баявога выхада, то знайшоў яе там, дзе пакінуў яе “Папік” (загінуў 26 чэрвеня 2022-га пад Лісічанскам).

Саперная рыдлеўка была вельмі ўтульная для пераноскі, але зусім непрыдатная для копкі адносна вялікага акопа – гэта больш паходзіла на здзек над самім сабой. Але іншай не было ў той дзень (на наступны дзень я ўзяў правераную і зручную для копкі рыдлеўку).