*Бой пад Гуляй Поле. Засада гатова* (аповед 6)Частка 1Часам у суседняй ад нас пасадцы, праз поле – н…

*Бой пад Гуляй Поле. Засада гатова* (аповед 6)
Частка 1

Часам у суседняй ад нас пасадцы, праз поле – недзе там, дзе быў наш другі разлік “Мілана” (сувязь з імі не праходзіла) чулася стралкатня. Зрэдку то ў той бок, то ў іншы праляталі снарады. Але то было не па нам.

Я бавіў час, спрабуючы зняць на камеру тэлефона краявід праз 6-цікратны прыцэл свайго аўтамата – канадскай версіі М-16. Гэта не вельмі атрымоўвалася, бо трэба была трэцяя рука, каб добра зафіксаваць аўтамат і пад пэўным кутом паднесьці да яго камеру тэлефона…

У 10:37 мы вымушаны былі залеч у траву на ўскрайку лесапаласы – у суседняй, праз поле, пачалася аўтаматная страляніна.

Усе нашыя спробы выйсьці на сувязь з іншым разлікам Мілана, які павінен быў акапацца недзе ў той лесапаласе з якой чуліся стрэлы, вынікаў не далі.

– Куда они ебенят? – задаўся рытарычным пытаннем Б(рага), калі кудысьці ў той бок недалека над намі прасвісцеў і разарваўся ўкраінскі снарад.
– Но гэта не па нам, – прамовіў я.
– Перестрелка. Никто не отвечает, – прокомментировал К(арнэт).

Мілан быў выстаўлены ў чарговы раз і замаскіраваны галінкамі дрэў і кустоў.

У 11:16 К(арнэт) прыняў рашэнне перанесьці яго яшчэ на 100-150 метраў бліжэй да рускіх і дарогі на якой мы палявалі на варожую тэхніку.

Канчатковая наша пазіцыя была ў некалькіх сот метрах ад нашага акопу і каля 300 метрах ад рускіх.

Тут быў перапад высот і наша пазіцыя была ніжэй дарогі на якой мы пільнавалі варожую тэхніку. Да гэтага дадаваліся высокія камышы, што раслі вакол балоцістай мясцовасьці з таго боку.

З гэтай сітуацыі мы выйшлі праз накапванне трох холмікаў.

– Ваўкалак з намі! – прамовіў я, калі ў гэты момант міма нас праходзіў Ваўкалак.

Ваўкалак пасміхнуўся на гэта і ўзняў руку, сціснутую ў кулак у знак прывітання. За Ваўкалакам ішоў баец ягонай групы К(атафей).